Статкевіч не збіраецца адмаўляцца ад шэсця, якое забараніў Мінгарвыканкам
Мінгарвыканкам адмовіў у шэсці 25 сакавіка заяўнікам-апазіцыянерам, лідарам якіх з’яўляецца Мікалай Статкевіч. Але палітык мяркуе, што ўлады тым самым парушаюць канстытуцыйнае права грамадзян, і не адмаўляецца ад сваіх планаў.
«Сапраўды, улады сёння не дазволілі беларускаму нацыянальнаму кангрэсу шэсце, — кажа Статкевіч у каментары Еўрарадыё. — Хаця мы зрабілі вельмі істотны крок насустрач уладам. Мы, насуперак канстытуцыі, парушыўшы яе, падалі заяўку, папрасілі тое, што і так нам належыць па Канстытуцыі. Заяўнікі абскардзяць гэтае рашэнне ўладаў ў судзе. А пакуль я ўжо папярэдзіў улады аб намеры БНК рэалізаваць канстытуцыйнае права грамадзян на вольнае шэсце».
Улады адмовілі ў шэсці і іншай групе заяўнікаў, якія прасілі правесці 25 сакавіка не толькі мітынг і канцэрт каля Опернага, але і невялікае шэсце. Але лідар руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч распавядае, што заяўку на шэсце ў Мінгарвыканкам не падавалі — гэта быў проста інфармацыйны ліст.
Губарэвіч: «Тое, пра што нам сёння сказалі ў Мінгарвыканкаме, цяжка назваць адмовай, таму што фармальна, так, як таго патрабуе заканадаўства, заяўку на правядзенне шэсця мы не падавалі. Мы даслалі інфармацыйны ліст, ці можна гэта назваць зваротам, з прапановай разглядзець магчымасць правядзення такога шэсця. Таму гэта было, хутчэй, дадаткам да мітынгу і канцэрта, які мы плануем ладзіць 25 сакавіка каля Опернага тэатра. Таму адсутнасць дазволу на шэсце ніяк не адаб'ецца на астатніх планах. Ніякіх шэсцяў мы праводзіць не будзем».
Мінгарвыканкам даў дазвол на канцэрт і мітынг каля Опернага тэатра 25 сакавіка. Святочнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці БНР, будзе праходзіць з 13-й да 19-й гадзіны.
Паводле euroradio.fm