Каталікі абвясцілі тэкст малітвы на 25 сакавіка
Каталіцкія біскупы Беларусі скіравалі да вернікаў Беларусі тэкст малітвы з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Біскупы заклікаюць святароў памаліцца разам з вернікамі словамі гэтай малітвы падчас усіх набажэнстваў 25 сакавіка.
Пра гэта паведамляе Catholic.by.
“Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты Бог збаўлення майго, на Цябе спадзяюся кожны дзень» (Пс 25(24), 5)
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, суайчыннікі, усе людзі добрай волі!
Сёння, калі наша Бацькаўшчына адзначае сотыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, гэтыя словы псальміста просяцца на нашыя вусны. Яны заклікаюць да бязмежнага даверу Богу — адзінай нашай надзеі.
Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі стала беспрэцэдэнтным гістарычным актам і вельмі важным крокам дзяржаватворчага працэсу, адкрыўшы шлях да незалежнасці.
Мінулае стагоддзе — гэта час шматлікіх выпрабаванняў, войнаў, пераследу веры. Гэта таксама час адраджэння нашай дзяржаўнасці і духоўнасці.
Складаная і трагічная гісторыя Беларусі за апошняе стагоддзе была пазначана шматлікімі сведчаннямі і мучаніцтвам за веру, увабрала ў сябе лёсы тых, хто нястомна працаваў і надалей працуе на карысць Радзімы, іх славу, мужнасць, ахвярнасць і дасягненні.
Увесь гэты час Ты, Божа, быў з намі і праз заступніцтва Марыі, Апякункі Беларусі, Ты нам дапамагаў. У гады ліхалецця суцяшаў нашыя сэрцы і запальваў агеньчык надзеі на лепшае заўтра. Сёння, у часы крызісу духоўных каштоўнасцяў, Ты праз свой Касцёл умацоўваеш нашу веру, даеш новую надзею на будучыню і запальваеш у сэрцах любоў.
Мы дзякуем Табе, Божа, і просім аб дары мудрасці для кіраўнікоў нашай дзяржавы, аб разважлівасці і ўзаемаразуменні паміж рознымі палітычнымі і грамадскімі супольнасцямі, а таксама аб велікадушнасці для ўсіх грамадзянаў нашай краіны, каб панавалі ў ёй супакой, справядлівасць, узаемная любоў і згода.
Усемагутны і Міласэрны Божа, адары нас сваёю ласкаю і благаслаўленнем, каб супольнымі намаганнямі пад апекаю Марыі мы ўсе разам будавалі шчаслівае заўтра нашай любай Бацькаўшчыны.
Божа, благаславі Беларусь! Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Каталіцкія Біскупы Беларусі”