Справу па гноміку з бчб-сцягам у Гродне спынілі

Справу па гноміку з бел-чырвона-белым сцягам у акне спынілі, бо скончыўся тэрмін даўніны парушэння.

1617954047.jpg

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна сёння, 9 красавіка, адбылося чарговае судовае пасяджэнне па справе дэкаратыўнага гноміка з бел-чырвона-белым сцягам, паведамляе s13.ru. Суддзя Валерый Шпак закрыў адміністрацыйны працэс у сувязі з заканчэннем тэрміну правапарушэння.

Першае судовае пасяджэнне па справе дэкаратыўнага гноміка з бчб-сцягам на акне адбылося ў лютым гэтага года. Сведкай па адміністрацыйнай справе праходзіла Вольга Бондарава, актывістка руху «Антывандал». Паводле яе слоў, аднойчы на шпацыры на акне аднаго са шматпавярховікаў яна ўбачыла дэкаратыўнага гноміка з бчб-сцягам. Жанчына зрабіла фотаздымак цацкі і выклікала міліцыянтаў.

На ўладальніка кватэры Юрыя Яраша быў складзены пратакол. Гродзенца абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП РБ. Паводле абвінавачання, мужчына правёў адзіночны пікет, таму што выставіў на падаконне сваёй кватэры дэкаратыўнага гноміка з бчб-сцягам.

1612773416.jpg

Аднак на пасяджэнні суддзя Шпак вярнуў справу ў АУС Кастрычніцкага раёна на дапрацоўку ў сувязі з тым, што ў пратаколе маюцца недакладнасці і недапрацоўкі, частка ксеракопіі матэрыялаў не завераныя, некаторыя з іх не чытаюцца зусім.

Сёння адбылося чарговае судовае пасяджэнне, на якім суддзя Шпак прыняў рашэнне закрыць адміністрацыйны працэс па гэтай справе — у сувязі з тым, што скончаны тэрмін правапарушэння.

Сведка Бондарава на працэс не прыйшла.

Паводле s13.ru