Справу Аўтуховіча, якога вінавацяць у тэрарызме, перадалі ў пракуратуру

Справу Мікалая Аўтуховіча, абвінавачанага ў тэрарызме, перадалі ў пракуратуру. Час і месца суда над ваўкавыскім актывістам будуцць прызначаныя пазней — гэта вырашыць Вярхоўны суд.

autuhovich_2_16_1_1.jpg


Невядома, якія менавіта артыкулы інкрымінуюцца Аўтуховічу. Таксама няясны, ці будуць разам з ім судзіць іншых фігурантаў ягонай справы — Вольгу Маёраву, Уладзіміра Гундара ды іншых, паведамляе Еўрарадыё.

Па словах блізкіх, Аўтуховіч хутчэй за ўсё не чытаў абвінавачанні, якія яму выставілі.

Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» стала вядома 8 снежня 2020 года. Паводле дзяржаўных СМІ, група пад яго кіраўніцтвам падпаліла дом міліцыянта ў Ваўкавыску і падарвала аўтамабіль міліцыянта ў Гродне. Таксама ў дзяржСМІ паведамлялася, быццам Аўтуховіч закупляў ва Украіне зброю і перавозіў яе ў Беларусь.

Паводле КДБ, па «справе Мікалая Аўтуховіча», апроч яго самога, праходзяць 12 чалавек: у тым ліку святар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад сілавікоў. Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава, ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў. Прозвішчаў астатніх сяброў «групы» не называлі.


26 кастрычніка беларускія праваабаронцы ў сумеснай заяве прызналі палітвязнямі фігурантаў справы Мікалая Аўтуховіча Ірыну Мельхер, Антона Мельхера, Галіну Дзербыш, Сяргея Разановіча, Любоў Разановіч і Паўла Разановіча.