Суд у Ганцавічах пакараў уладальніка сайта «Першы Рэгіён» штрафам за «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі»
Паводле матэрыялаў справы, на сайце «Першы Рэгіён» (1reg.by), уладальнікам якога з’яўляецца прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Медыя-Ганцавічы», былі размешчаныя публікацыі з гіперспасылкамі на Telegram-каналы «МотолькоПомоги» і «Мая краіна Беларусь».
Гэтыя інтэрнэт-рэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі ў сакавіку 2021 года, нагадвае Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Акрамя таго, паводле высноваў кіраўніцтва Ганцавіцкага РАУС, якое склала пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, на інтэрнэт-рэсурсе «Першы Рэгіён» на працягу 2021 года былі размешчаны і іншыя публікацыі, што «негатыўна характарызавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь і дэскрыдытавалі дзейнасць дзяржаўных устаноў».
Прадстаўнік ПВГУП «Медыя-Ганцавічы» Сяргей Багроў паведаміў у судзе, што прадпрыемства не прызнае віну ў здзейсненых учынках. Багроў удакладніў, што публікацыі на сайце «Першы Рэгіён» са згаданымі спасылкамі былі размешчаныя ў 2020 годзе, калі гэтыя Telegram-каналы яшчэ не былі прызнаныя судом экстрэмісцкімі.
«У нас не было намеру распаўсюджваць забароненую інфармацыю, і мы выдалілі спасылкі, але з прычыны абмежаванай колькасці супрацоўнікаў зроблена гэта было не адразу», — патлумачыў Сяргей Багроў.
Што тычыцца астатніх публікацый, то, паводле прадстаўніка «Медыя-Ганцавічы», яны не маюць зневажальнага зместу. Там выказана меркаванне аўтара, а гэта гарантуецца Канстытуцыяй Беларусі.
Тым не менш, 8 лютага старшыня суда Ганцавіцкага раёна Уладзімір Космач прыняў рашэнне пакараць ПВГУП «Медыя-Ганцавічы» штрафам: паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП на 300 базавых велічынь (9600 рублёў) і паводле ч. 5 арт. 23.5 КаАП на 50 базавых велічынь (1600 рублёў).
Агулам «Медыя-Ганцавічы» мусіць сплаціць штраф памерам 11200 рублёў.