Макей: стан здароўя Борыс і Пачобута здавальняючы
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей пракаментаваў крымінальную справу Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс. Яны былі затрыманыя летась. Іх абвінавачваюць у распальванні варожасці. Польскія журналісты пацікавіліся ў Макея іх станам здароўя.
«Мы атрымалі заклапочанасці польскага боку, звязаныя са станам здароўя гэтых грамадзян. Мы запытвалі адпаведныя праваахоўныя органы, дзе яны знаходзяцца, і атрымлівалі адказы з іх боку, што іх здароўю нічога не пагражае», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным Прэс-цэнтры, піша REFORM.by.
Макей нагадаў, што паміж Беларуссю і Польшчай існавалі дамоўленасці па лініі спецслужбаў аб лёсе грамадзянаў, звязаных з Саюзам палякаў. Трое былі вызваленыя.
«У такім жа паступальным рэчышчы вырашаўся і лёс двух астатніх асоб. Да жаль, польскі бок вырашыў выкарыстоўваць гэта ў якасці інфармацыйнай нагоды і шырока разрэкламаваў вызваленне гэтых асоб у СМІ, паспрабаваў выкарыстаць гэта ў сваіх нейкіх ідэалагічных мэтах. Два чалавекі, якія застаюцца ў Беларусі, знаходзяцца ў сувязі з парушэннем адпаведных нормаў беларускага заканадаўства. Іх лёс будзе вырашацца ва ўстаноўленым парадку», — сказаў Макей.
Насамрэч, Борыс і Пачобут адмовіліся ад дэпартацыі.
25 сакавіка Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што распачала крымінальную справу ў дачыненні да старшыні незарэгістраванага Cаюза палякаў Анжалікі Борыс і іншых асоб па частцы 3 артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне варожасці). Борыс і іншых абвінавачваюць у правядзенні масавых мерапрыемстваў, падчас якіх нібыта ўшаноўваліся ўдзельнікі антысавецкіх бандфармаванняў, а іх дзеянні нібыта пераследавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа.
Гэтая інтэрпрэтацыя выклікала рэзкую крытыку гісторыкаў, бо Саюз палякаў ушаноўвае байцоў Арміі Краёвай, якая змагалася супраць нацыстаў і дзейнічала пад кіраўніцтвам польскага эміграцыйнага ўрада, што працаваў у Лондане і быў часткай антыгітлераўскай кааліцыі. У барацьбе з гітлерызмам загінулі тысячы байцоў АК, у тым ліку пры вызваленні Вільні і ў гераічным Варшаўскім паўстанні. Гісторыкі бачаць у выстаўленні Арміі Краёвай нацысцкім фарміраваннем небяспечную фальсіфікацыю гісторыі.
Трое актывістаў са «Справы палякаў» пагадзіліся на прапанову вызвалення з турмы ўзамен на выезд у Польшчу. Пасярэднікам у гэтым выступіў былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.
Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс прызнаныя палітвязнямі.