Трох з пяці арыштаваных актывістаў Саюза палякаў Беларусі гвалтоўна вывезлі ў Польшчу. Дапоўнена
Трох з пяці арыштаваных актывістаў Саюза палякаў Беларусі гвалтоўна вывезлі ў Польшчу. Пра гэта паведаміла дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская ў сябе ў Twitter.
Паводле яе інфармацыі, гэта Ірэна Бярнацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава. Нягледзячы на тое што яны грамадзяне Беларусі, вярнуцца ў краіну яны цяпер не могуць. На мяжы ім далі падпісаць адпаведныя паперы, піша АФН.
Марыя Цішкоўская, Ірэна Бернацкая і Ганна Панішава — прадстаўнікі «Саюза палякаў Беларусі». 25 сакавіка Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла супраць іх крымінальную справу па ч.3 арт. 130 КК РБ (Узбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму групай асоб). Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
Старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс і журналіст Андрэй Пачобут, затрыманыя ў рамках гэтай жа справы, застаюцца за кратамі.
Дачка Ірэны Бярнацкай Вераніка распавяла «Белсату» пра падзеі, якія папярэднічалі вывазу за межы Беларусі зняволеных прадстаўнічак польскай меншасці.
«Пашпарт мамы быў у мяне. Мяне папрасілі прывезці яго ў Менск 25 траўня. Але ў той дзень я мусіла ехаць на ультрагукавую дыягностыку ў Горадню, сказала што не магу адкласці гэтую справу. Мяне папрасілі ўзяць пашпарт з сабою ў Горадню.
25 траўня швагер быў у Жодзіне. Ён перадаў для маці тэлевізар, рэчы, усё было прынята. Гэта было недзе з 11-й да 12-й гадзіны.
На наступны дзень скасвалі следчыя дзеянні. Папрасілі не прыязджаць адваката. Хаця следчыя дзеянні былі ў Пачобута і Борыс. Скасавалі толькі ў Цішкоўскай і Бярнацкай. З гэтага мы зразумелі, што нешта адбываецца».