Дачка Уладзіміра Мацкевіча: Я не буду прасіць бацьку спыніць галадоўку
Філосаф-палітвязень Уладзімір Мацкевіч перайшоў з гададоўкі на вадзе на сухую галадоўку.
Філосаф Уладзімір Мацкевіч, як і абяцаў, пачаў у СІЗА сухую галадоўку. Ён галадае з 4 лютага.
Дачка філосафа Надзея Лучанок кажа, што не будзе прасіць бацьку спыніць галадоўку. Пра гэта яна казала на сённяшняй прэс-канферэнцыі.
— Для мяне вельмі важна, каб ён быў жывы і быў здаровы. Але я б не прасіла яго завершыць галадоўку, паколькі ведаю, на колькі яму цяжка гэта чуць. Мы будзем паважаць яго рашэнне і падтрымаем, зробім усё магчымае, каб яму дапамагчы, каб не было негатыўных наступстваў, каб паўплываць на сітуацыю. Але ўплываць на яго рашэнне я не буду, я яго занадта люблю і паважаю.
Надзея дадала, што ўжо паўгода ў яе няма кантакту з бацькам. Яе лісты да яго не даходзяць.
Паводле www.polskieradio.pl