Святлана Алексіевіч: Памерці сёння — слабасць, мужнасць — жыць
Святлана Алексіевіч звярнулася да Уладзіміра Мацкевіча: «Вы нам патрэбны жывы, а не сімвал».
Пісьменніца і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч звярнулася да Уладзіміра Мацкевіча, які трымае галадоўку за кратамі:
«Дарагі Уладзімір, я доўга думала, што я магу вам напісаць, якія знайсці аргументы, каб вы не пайшлі да канца. Наперадзе ў нас доўгі шлях, доўгая барацьба. І вы нам патрэбны жывы, а не сімвал, памерці сёння — слабасць, памылка ад стомы і роспачы, мужнасць — жыць. Жыць дзеля будучыні, якае прыйдзе крыху пазней для кожнага з нас. Нават нельга ўявіць сабе нашу барацьбу без вас, без вашага слова, без вашага голасу.
Вяртайцеся да нас. Мы вас чакаем».
Між тым стан здароўя філосафа-палітвязня пагаршаецца. Яго паплечнікі распавялі, што цяпер Уладзімір Мацкевіч «адчувае сябе дрэнна. Без ежы 12-ы дзень. Без вады — з учарашняга вечара. Сёння было два агляды лекарам СІЗА: слабасць, губляе ў вазе (больш за 7 кг ад пачатку галадоўкі). Напісаў заяву на імя начальніка СІЗА, каб заверыць завяшчанне. Пастар і лекар (не з сістэмы МУС) дапушчаныя не былі».