Спявачка Вера Брэжнева з'ехала з Расіі і цяпер валанцёрыць у Польшчы
40-гадовая Вера Брэжнева — украінка, ураджэнка горада Каменскае (раней Днепрадзяржынск) Днепрапятроўскай вобласці. Вядомасць набыла як салістка гурта «ВІА Гра», доўгі час жыла і будавала кар'еру ў Расіі. Адразу пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны пакінула краіну і асудзіла дзеянні расійскіх уладаў. Цяпер Брэжнева знаходзіцца ў Польшчы і дапамагае ўкраінскім уцекачам, піша УНІАН.
«Уначы мне сніліся танкі, выбухі і разбураныя дамы. Хацелася верыць, што гэта сон, але я прачнулася, а рэальнасць ва Украіне яшчэ страшнейшая», — расказала спявачка.
У сябе ў Instagram яна паведаміла, што прыехала ў Польшчу са
сваёй дачкой. Вядома, што цяпер артыстка ў Цэнтры дапамогі займаецца зборам
гуманітарнай дапамогі для бежанцаў па ўсёй Еўропе.
«Гэтая праца не аплачваецца, але яна акрамя стомленасці
прыносіць вельмі вялікую карысць», — адзначае Брэжнева, адзначаючы, што «мы
цяпер усе разам праходзім выпрабаванне на чалавечнасць».
«Валанцёрства ў розных праявах — гэта часцей за ўсё
няўдзячная праца. Не чакайце падзякі, калі ёсць парыў — рабіце, калі няма —
іншай матывацыі не існуе. Таму калі рабіць, то проста шчыра. Я так раблю проста
таму, што не магу інакш», — дадала зорка.
Раней Вера распавядала, што ў Кіеве пад абстрэламі
знаходзіліся члены яе сям'і, у прыватнасці муж (яна замужам за прадзюсарам
Канстанцінам Меладзэ) і маці.
Спявачка заклікала расіян спыніць вайну, хоць, па яе словах, раней не аддзяляла украінцаў ад рускіх.
Летась Веру Брэжневу крытыкавалі ў Беларусі за ўдзел у травенскім канцэрцу у Мінску па запрашэнні Віктара Лукашэнкі.