«Спадзяюся, з Божай дапамогай вы зможаце выжыць». Палітвязень Сядоў атрымаў 3 гады калоніі
У судзе Першамайскага раёна Мінска 30 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе Віктара Сядова, узбуджанай за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Анастасія Ляйкоўская, дзяржабвінаваўца — пракурор Зубко, распавядае «Вясна».
Віктар Сядоў быў
затрыманы 16 кастрычніка ў Мінску праз відэа, на якім нібыта бачна, што ён
кідае камяні на акцыі пратэсту ў Мінску.
Беларускай
праваабарончай супольнасцю быў прызнаны палітычным зняволеным.
Згодна з
абвінавачаннем, у ноч з 10 на 11 жніўня на перакрыжаванні вуліц Сурганава і
Куйбышава каля дома Сурганава, 50, Сядоў прымаў удзел ва ўзвядзенні барыкад,
кінуў пры гэтым два прадметы на праезную частку.
Віну часткова
прызнаў. Кажа, што паклаў камень на праезную частку і кінуў на дарогу камень.
Сёння ў судзе
Сядоў выступіў з апошнім словам.
Ён сказаў, што не змог у такой палітычнай сітуацыі стрымаць свае эмоцыі. Папрасіў прабачэння ў сваёй сям’і, дзяцей, якім прычыніў многа гора. «Спадзяюся, з Божай дапамогай вы зможаце выжыць», — эмацыйна выказаўся ён.
Прасіў суд не наказваць яго строга. Аднак суддзя Ляйкоўская прысудзіла палітвязню 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.