Спадчына СССР. Чаму ў Беларусі адключаюць гарачую ваду, а ў Польшчы — не
Летні сезон асацыюецца ў беларусаў не толькі з вакацыямі і адпачынкам, але і са штогадовым планавым адключэннем гарачай вады. Для многіх рэлакантаў у краіны ЕС становіцца шокам, што там няма «двух тыдняў з тазікам». Чаму ж у Беларусі адключаюць гарачую ваду, а ў той жа Польшчы — не, задаецца пытаннем «Е*рарадыё».
У нас цэнтралізаваная сістэма цеплазабеспячэння, а там —
іншая
У Беларусі карыстаюцца сістэмай цэнтралізаванага цеплазабеспячэння, якая была пабудавана яшчэ ў Савецкім Саюзе. На жаль, яе распрацавалі без уліку ўмоў эксплуатацыі, таму тэрміны старэння аказаліся значна карацейшымі. На сённяшні дзень цеплатрасы, пракладзеныя дзесяцігоддзі таму, маюць патрэбу як мінімум у рэгулярнай праверцы. А праводзіць яе без адключэння вады немагчыма.
У большасці краін свету планавых адключэнняў гарачай вады
няма акурат такі праз адсутнасць сістэм цэнтралізаванага гарачага
водазабеспячэння. Звычайна ў дамы цэнтралізавана падаецца толькі халодная вада,
якая на месцы падаграваецца бойлерамі. Лакальныя воданагравальнікі і катлы
стаяць або ў кватэрах, або ў падвалах шматпавярховых дамоў.
Чаму ж у Беларусі не заменяць старую сістэму?
Палітык і блогер Аляксандр Кныровіч больш за 20 гадоў
кіраваў у Беларусі групай будаўнічых кампаній «Сармат» і дакладна абазнаны ў трубах. Ён жа і дапамог разабрацца ў штолетнім галаўным болі
беларусаў.
«Калі ставіць за мэту пераўладкаваць сістэму з цэнтралізаванай на размеркаваную, то гэта абыдзецца ў некалькі сотняў мільёнаў долараў дакладна, а магчыма і ў мільярд. Таму што трэба ўсе гэтыя магутныя цэнтралі разбурыць і на іх месцы ў кожным раёне ці квартале паставіць такія маленькія асобныя цеплацэнтралі. Але гэта абыдзецца ў вельмі значную суму, — адзначае Аляксандр. — Пры цяперашняй уладзе гэта цалкам немагчыма. Калі нешта зменіцца і ў Беларусі будзе дэмакратыя, то з дапамогай еўрапейскіх фондаў гэта будзе магчыма. Сістэма размеркаваная, вядома, больш устойлівая. А цэнтралізаваная — гэта ўсё спадчына Савецкага Саюза».
Пра тое, што ў агляднай будучыні не варта чакаць замены
цяперашняй сістэмы, пагаджаюцца і ўлады ў каментарах дзяржаўных СМІ. І гэтаксама тлумачаць прычыну: дорага.
Быў месяц, стала два тыдні
Цяпер гарачую ваду адключаюць на два тыдні. Дзяржаўныя медыя падносяць гэта як дасягненне: маўляў, прагрэс у параўнанні з тым, што было да 2006 года, калі без гарачай вады жылі цэлы месяц!
Паводле слоў Кныровіча, тэрмін прафілактыкі можна яшчэ скараціць: «У чым заключаецца гэты працэс: на асобныя кавалкі гэтай трубы падаецца ціск і глядзіцца, дзе яна парвалася, дзе ёсць нейкія праблемы. На гэты працэс патрэбны тыдзень — не болей. Але ёсць і тэхнічныя абмежаванні: менш за тыдзень гэта не можа быць, але да тыдня гэты працэс маглі б скараціць. Гэта ўсё у руках Белэнерга і сістэмы ЖКГ. Калі б яны атрымалі загад зверху, то яны б гэта зрабілі. Праблема ў людзях — у той сістэме, якую яны пабудавалі».
У Еўропе пакуль найгоршая сітуацыя з адключэннем
гарачай вады ў Малдове: там яна можа не падавацца тэрмінам ад аднаго да двух месяцаў.
У Латвіі і Чэхіі адключэнне можа працягвацца ад некалькіх гадзін да тыдня, у
Эстоніі — ад аднаго да двух дзён.