«Што ў іх выбухне, калі ўкраінскае войска пачне наступ не толькі ва ўяўленні Шайгу?»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае, як генерал Шайгу бліскуча адбіў украінскае контрнаступленне і пра тое, што рускія, вядома ж, не падрывалі дамбу Кахоўскай ГЭС. Бо яны ані кроплі не баяцца, што ўкраінскія войскі выйдуць да Крыма.
Ты ўкраінскае контрнаступленне бачыла? А генерал Шайгу яго ўчора адбіў. З абсалютна разгромным, між іншым, лікам. У віртуальнай рэальнасці другой арміі свету генерал Шайгу знішчыў тры тысячы сямсот украінскіх вайскоўцаў і 52 танкі. Тры танкі, знішчэнне якіх трапіла на відэа, апынуліся, праўда, адным трактарам і двума камбайнамі.
Вось нават мне трошкі дзіўна, чаму віртуальныя ўкраінскія страты апынуліся такімі сціплымі. З іншага боку, генералу Шайгу трэба ж было пакінуць сабе трохі ўкраінскіх вайскоўцаў, каб адбіваць іх контрнаступленне і далей.
Хоць ёсць, вядома, рызыка, што ўкраінскія вайскоўцы могуць аспрэчыць поспехі генерала Шайгу дзе-небудзь за межамі расійскага тэлевізара. У Запарожскай, Данецкай або, скажам, Херсонскай вобласці.
І вось трэба ж было здарыцца такому дзіўнаму супадзенню, што якраз калі генерал Шайгу з усіх сіл рыхтуецца адбіваць украінскі наступ, дамба Кахоўскай ГЭС неяк нечакана выбухнула. Ну, бывае. Выбухнула і выбухнула. Што зробіш? Дамба выбухнула, вада разлілася. І хто гэта зрабіў? Вядома, украінцы, каб зладзіць свайму наступу новыя прыгоды.
А расійскае войска ніякай дамбы не ўзрывала. Таму што расійская армія славіцца сваім гуманізмам і беражлівым стаўленнем да навакольнага асяроддзя. Дый навошта расійскай арміі падрываць дамбу? Расійская ж армія зусім не баіцца ўкраінскага контрнаступлення. Вось ні кропелькі не баіцца расійская армія, што ўкраінцы маглі фарсіраваць Днепр і наступіць куды-небудзь на блізкія подступы да Крыму. Таму і дамбу і не ўзрывалі.
Але ведаеш, што я скажу? Я не буду табе рабіць выгляд што разбіраюся ў ваенных стратэгіях і тактыках. Ты ведаеш, што я ў іх разбіраюся не лепш за расійскі генштаб. Але ўкраінскі генштаб у стратэгіях і тактыках разбіраецца. Таму я так сабе думаю, што ўкраінскі генштаб пры планаванні наступу ўлічваў магчымасць падрыву Кахоўскай ГЭС. Тым больш, што аб мініраванні гэтай станцыі расійскай арміяй сама расійская армія паведамляла яшчэ восенню мінулага года.