469-ты дзень вайны. Расія зрабіла тое, чым Пуцін тлумачыў пачатак вайны з Украінай
Падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС стаў галоўнай навіной вайны Расіі супраць Украіны. Аднак адной Кахоўкай справа не абмяжоўваецца. Украінскія войскі паспяхова адваёўваюць Бахмут.
Генштаб УСУ паведамляе…
Паводле зводкі Генеральнага штаба УСУ, за мінулыя суткі Расія нанесла 35 ракетных удараў з ужываннем крылатых ракет паветранага базавання Х-101/Х-555. Усе ракеты былі знішчаныя сіламі супрацьпаветранай абароны паветраных сіл УСУ. Таксама вораг нанёс 41 авіяцыйны ўдар і здзейсніў 57 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ёсць загінулыя і параненыя сярод грамадзянскага насельніцтва, пашкоджаныя жылыя шматкватэрныя дамы, прыватныя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура.
За мінулыя суткі адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў, Расія засяроджвае асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей.
Украінскія вайскоўцы выконваюць рэжым цішыні, але назіральнікі фіксуюць прыкметы пачатку ўкраінскага контрнаступлення. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ўкраінскія вайскоўцы праводзяць контратакі на Бахмуцкім кірунку, там працягваюцца жорсткія баі.
Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы працягвалі наземныя атакі на поўнач і паўднёвы захад ад Бахмута, увайшлі ў Берхаўку і па стане на другую палову дня 6 чэрвеня ў населеным пункце працягваліся баі. 5 чэрвеня Яўген Прыгожын заявіў, што ўкраінскія войскі захапілі нявызначаную частку Берхаўкі.
Расійскія блогеры сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы прасунуліся з Арэхава-Васілеўкі і захапілі вышыні ўздоўж трасы Е-40. Прыгожын таксама сцвярджаў, што расійскія сілы страцілі нявызначаныя пазіцыі паблізу Раздолаўкі.
Сілы абароны працягваюць рух наперад на флангах Бахмуцкага кірунку, паведаміў камандуючы сухапутнымі войскамі Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі ў Telegram 7 чэрвеня. «Бахмуцкі кірунак. Сілы абароны працягваюць рух наперад на флангах, праціўнік губляе пазіцыі пад Бахмутам», — напісаў ён.
Новыя ваенныя злачынствы: абстрэл эвакуацыі
За мінулыя суткі армія РФ 70 разоў абстраляла Херсонскую вобласць, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. «Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, узарваныя збудаванні Кахоўскай ГЭС. Праз расійскую агрэсію адзін чалавек загінуў», — сказаў кіраўнік АВА.
Хто ўзарваў Кахоўскую ГЭС?
Захад хоча быць упэўненым, што расійцы стварылі ва Украіне найбуйнейшую тэхнагенную катастрофу апошняга дзесяцігоддзя, таму разбіраюцца, хто падарваў плаціну Кахоўскай ГЭС. Расія сцвярджае, што дамба была пашкоджаная ў выніку ўкраінскага абстрэлу, але ёй не вераць.
Прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі адзначыў, што ЗША ўсё яшчэ не могуць канчаткова сказаць, што выклікала разбурэнне плаціны, але ацэньваюць паведамленні аб тым, што «выбух быў выкліканы Расіяй». Тэлеканал NBC таксама паведаміў, што ЗША маюць выведвальныя звесткі, якія паказваюць на адказнасць Расіі за разбурэнне плаціны, але цяпер працуюць над рассакрэчваннем адпаведнай інфармацыі. Акрамя таго, розныя еўрапейскія чыноўнікі зрабілі заявы, што яны лічаць Расію датычнай да разбурэння ГЭС.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак сказаў журналістам, што выведвальныя службы яшчэ не зрабілі канчатковай высновы аб тым, ці адказны Пуцін за «жудасную атаку» на дамбу ў Новай Кахоўцы. «Калі гэта наўмысны выбух, то, на маю думку, гэта будзе самая вялікая атака на грамадзянскую інфраструктуру ва Украіне з пачатку вайны, і гэта толькі прадэманструе новае дно, якое мы ўбачым ад расійскай агрэсіі», — сказаў ён.
Інстытут вывучэння вайны пакуль не гатовы рабіць канчатковыя ацэнкі аб адказных за катастрофу на Кахоўскай ГЭС. Аднак баланс доказаў, аргументацыі і рыторыкі паказвае на тое, што расійцы наўмысна пашкодзілі дамбу, лічаць у ISW.
«Заявы амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў у цэлым адпавядаюць прагнозам ISW ад кастрычніка 2022 года, што расійцы маюць большую і больш выразную цікавасць у затапленні левага берага Дняпра, нягледзячы на шкоду для ўласных падрыхтаваных абарончых пазіцый», — напісалі эксперты.
21 кастрычніка 2022 года ISW папярэдне ацаніў, што Украіна не зацікаўлена ў падрыве дамбы, і паказаў, што 80 населеных пунктаў апынуцца пад пагрозай затаплення. ISW таксама ацэньваў, што Расія можа выкарыстоўваць паводку для пашырэння Дняпра і ўскладненні спробаў украінскага контрнаступлення праз і без таго складаную водную перашкоду.
«Расійскія крыніцы выказвалі моцную і адкрытую занепакоенасць з нагоды таго, што Украіна рыхтуецца фарсіраваць раку і контратакаваць на ўсходнім беразе Херсонскай вобласці. Наяўныя відэазапісы ад 6 чэрвеня, пацверджаныя заявамі расійскіх ваенкораў, сведчаць, што паводка змыла ўкраінскія пазіцыі ля берага Дняпра і прымусіла ўкраінскія падраздзяленні эвакуявацца пад агнём расійскай артылерыі. Вядома, існуе верагоднасць, што пашкоджанні дамбы ўрэшце прывялі да яе разбурэння і затаплення, хоць паведамленні аб гуках, падобных на выбухі, не зусім адпавядаюць з такой здагадцы», — пішуць у ISW.
Катастрофа
Тым часам Херсонская адміністрацыя кажа, што вада ў вобласці будзе прыбываць яшчэ каля 20 гадзін. На правым беразе Дняпра затоплена 1852 дамы, заявіў кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін. «Інтэнсіўнасць падтаплення памяншаецца, аднак з-за значных разбурэнняў вада будзе яшчэ прыбываць. Па нашых прагнозах, узровень вады павялічыцца яшчэ ў раёне метра на працягу наступных 20 гадзін», — сказаў ён у ранішнім відэазвароце.
Як перадаюць мясцовыя СМІ, працягвае прыбываць вада у Херсон. У прыватнасці, у раёне Рэчпорта яна ўжо паднялася вышэй за два метры. Таксама ў горадзе цалкам затапіла карабельную плошчу і вуліцу Чайкоўскага.
Новыя спадарожнікавыя здымкі паказала кампанія Maxar Technologies. Выявы ахопліваюць больш за 2500 квадратных кіламетраў паміж новай Кахоўкай і Дняпроўскім залівам на паўднёвы захад ад Херсона.
На апублікаваных кадрах прыкметна, што падарваная дамба Кахоўскай ГЭС амаль цалкам апынулася пад вадой. На новых малюнках відаць, што дамы мірных жыхароў, паркі, іншая інфраструктура і будынкі сыходзяць пад ваду. У многіх дамоў над паверхняй вады ўзвышаюцца толькі дахі.
Расія зрабіла тое, чым Пуцін тлумачыў пачатак вайны з Украінай
«У Крыме пражываюць 2,5 млн чалавек. [Улады Украіны] узялі і ваду адсеклі. Войскам прыйшлося зайсці і ваду адкрыць у Крым. Вось як прыклад логікі нашых дзеянняў. Не зрабілі б вось гэтага дзеяння — не было б іншых», — 14 кастрычніка 2022 года Уладзімір Пуцін, знаходзячыся ў Астане, у чарговы раз тлумачыў, чаму вайна ідзе па плане, а расійскія войскі робяць усё пісьменна, успамінае карэспандэнт Рускай службы Бі-бі-сі Ілля Барабанаў.
Яшчэ 24 лютага 2022 года, калі расійскае ўварванне ва Украіну толькі пачалося і прывяло да імклівага захопу поўдня Херсонскай вобласці, кіраўнік анэксаванага Крыма Сяргей Аксёнаў адразу ж даў загад аднавіць падачу вады па Паўночна-Крымскім канале. У той час Аксёнаў, уласна, і не хаваў, што аднаўленне водазабеспячэння Крыма было адной з мэтаў развязанай вайны. Меркавалася, што разблакіроўка канала дазволіць зэканоміць дзясяткі мільярдаў рублёў і дапаможа аднавіць сельскую гаспадарку на паўвостраве.
Сенатарка Вольга Кавіцідзі раздала тады не адно інтэрв'ю пра тое, як хутка на паўвостраве як у савецкія гады будуць зноў вырошчваць рыс і кукурузу.
«Адным з наступстваў разбурэння Кахоўскай ГЭС з высокай ступенню верагоднасці стане тое, што паўвостраў зноў застанецца без вады. Засталося дачакацца, калі расійскія чыноўнікі загавораць пра тое, што не вельмі Крыму гэтая вада і патрэбная была», — піша аглядальнік ВВС.