Зяленскі: Расійцы замініравалі дамбу Кахоўскай ГЭС, выбух можа затапіць Херсон

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў Еўропу сфармаваць міжнародную назіральную місію на Кахоўскую ГЭС і забяспечыць неадкладнае размініраванне дамбы. Пра гэта ён заявіў падчас звароту ў Еўрапейскі Савет, піша unian.net.

241331_kahovska_ges_new_960x380_0.jpg

«Расія свядома стварае глебу для маштабнай катастрофы на поўдні Украіны. Мы маем інфармацыю, што расійскія тэрарысты замініравалі дамбу і агрэгаты Кахоўскай гідраэлектрастанцыі», — адзначыў украінскі прэзідэнт.

Ён нагадаў, што Кахоўская ГЭС — гэта адзін з буйных энергааб'ектаў, а яе дамба ўтрымлівае аб'ём каля 18 мільёнаў кубічных метраў вады.

«Калі расійскія тэрарысты ўзарвуць гэтую дамбу, то ў зоне хуткага затаплення апынуцца больш за 80 населеных пунктаў, уключаючы Херсон. Сотні тысяч людзей могуць пацярпець. Можа быць разбуранае забеспячэнне вадой значнай часткі поўдня Украіны», — сказаў Зяленскі.

Паводле яго слоў, такі расійскі тэракт можа пакінуць Запарожскую атамную станцыю без вады для астуджэння, бо вада для ЗАЭС бярэцца менавіта з Кахоўскага вадасховішча.

Зяленскі таксама ўдакладніў, што нават праца канала, які пабудаваны для пастаўкі вады ў Крым і пра які перыядычна нібыта «клапоцяцца» ў Маскве, будзе цалкам разбураная.

«Вось гэта — сапраўднае стаўленне Расіі да нашага ўкраінскага Крыму. А ў цэлым разбуральныя экалагічныя, гуманітарныя, тэхнагенныя наступствы аднаго гэтага расійскага тэракту могуць стаць такімі, што яго будуць называць гістарычнай катастрофай», — сказаў ён.

Зяленскі дадаў, што Расія ўжо падрыхтавала ўсё, каб ажыццявіць гэты тэракт.

У прыватнасці, на Кахоўскай станцыі акупанты пакінулі працаваць толькі расійскіх грамадзян, якія цалкам кантралююць станцыю.

«Трэба неадкладна дзейнічаць, каб Расія не мела магчымасці рэалізаваць гэтую катастрофу. Патрэбна міжнародная назіральная місія на Кахоўскую ГЭС. Трэба вярнуць туды ўкраінскі персанал і забяспечыць неадкладнае і прафесійнае размініраванне агрэгатаў і дамбы», — лічыць прэзідэнт.

На яго думку, Расія робіць гэта, каб зладзіць чарговую аперацыю пад фальшывым сцягам — учыніць тэракт і абвінаваціць у гэтым Украіну.

Ён падкрэсліў, што акупанты не спыняцца ні перад чым.

«Калі мы зможам гарантаваць, што расійскі тэрор на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі і на Запарожскай атамнай станцыі спыніцца, мы зможам вярнуцца да стабільнага энэргазабеспячэння ўкраінцаў, а такім чынам, да экспарту электрычнасці нашым еўрапейскім суседзям», — дадаў Зяленскі.

Расійскі генерал, якога прызначылі камандаваць вайной РФ супраць Украіны, Сяргей Суравікін, 18 кастрычніка сказаў, што Кіеў нібыта хоча атакаваць плаціну Кахоўскай ГЭС.

Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што расійскі бок можа атакаваць Кахоўскую ГЭС, абвінаваціць у гэтым Кіеў і выкарыстоўваць справакаваную паводку для прыкрыцця адступлення сваіх сіл з Херсонскай вобласці.

Кахоўская ГЭС размешчана ў 5 км ад захопленага расійцамі горада Новая Кахоўка Херсонскай вобласці.

Гэтая ГЭС — ніжняя і апошняя па ліку (шостая) прыступка ў каскадзе дняпроўскіх гідраэлектрастанцый. Гідраэлектрастанцыя каля Новай Кахоўкі забяспечвае гадавое рэгуляванне сцёку Дняпра для таго, каб у паўднёвай частцы Украіны былі электрычнасць і вада.