Слуцкія пенсіянеры хочуць размаўляць па-беларуску
Случчане сталага ўзросту пажадалі развіваць гутаркавую беларускую мову, каб мець магчымасць размаўляць на ёй у сваіх сем’ях і на вуліцы. Заняткі праводзяцца Слуцкай гарадской арганізацыяй ТБМ.
Для кожнага занятку выбіраецца новая тэма. Спецыфіка сустрэч у тым, што кожны з удзельнікаў гуртка сам можа быць настаўнікам, выбіраць тэму па сваім жаданні і кваліфікацыі, рыхтаваць інтэрактыўныя практыкаванні.
У мінулую суботу, 26 студзеня, удзельнікі беларускамоўнай сустрэчы размаўлялі пра асаблівасці зімовай рыбалкі. Сябра ТБМ Мікалай Зыкаў захапляецца рыбалоўствам і ведае шмат рыбных мясцін. Яго жонцы не патрэбна купляць рачную рыбу ў крамах — яна даволі часта прысутнічае на сямейным стале.
Спачатку Мікалай Міхайлавіч выступіў з міні-лекцыяй пра асаблівасці зімовай рыбалкі, затым удзельнікі гуртка папрацавалі над новымі словамі, якія прымянілі ў вольных апавяданнях, гумарыстычных сцэнках «У рыбнай краме», «Браканьеры і інспектар рыбнагляду», «Рыбалоў і цікаўныя мінакі».
Нягледзячы на далёка не малады ўзрост удзельнікаў, яны ўсе праявілі гумар і цудоўныя творчыя здольнасці пры імправізацыі інсцэніровак сітуацый на зададзеныя тэмы. Для падрыхтоўкі сцэнак было адпушчана прыкладна 5-6 хвілін, але кожная з іх была пастаўлена цікава і творча.
Дарэчы, дыялог, падобны таму, які разгарнулі ўдзельнікі на тэму «У краме», адбыўся насамрэч з маім стрыечным братам — кандыдатам філалагічных навук Валянцінам Рабкевічам яшчэ ў гады БССР у адной з мінскіх крам на вуліцы Волаха.
У рыбным аддзеле Валянцін Іванавіч папрасіў узважыць кавалак усечанага селядца («сельди без головы»). Дыялог паміж ім і прадавачкай яскрава засведчыў як нізкі культурны ўзровень прадаўца, так і грэблівае стаўленне да беларускай мовы. Прадавец усчыніла дзікі лямант з тае прычыны, «что она не понимает идиотского языка покупателя» і з крыкам параіла яму «говорить на нормальном человеческом языке».
Усхваляваны дацэнт і выдатны лінгвіст, які штодзённа размаўляў на «идиотском языке», пажадаў прадаўцу вывучыць мову краіны, у якой яна працуе, але пасля такога «дыялогу» вымушаны быў глытаць валідол.
Наступным разам (31 студзеня) удзельнікі гуртка збіраюцца адмыслова папрактыкаваць лексіку для наведвання крам. Падчас занятку пасля міні-лекцыі па тэме яны на некаторы час ператворацца ў пакупнікоў і прадаўцоў, а пасля прыменяць веды на практыцы ў слуцкіх крамах і запішуць свае ўражанні.