Слуцк. Перашкоды ў зборы подпісаў і знявага ў мясцовых СМІ
Аліна Нагорная, што балатуецца ў Слуцку, скардзіцца на перашкоды ў зборы подпісаў і знявагі ў мясцовых медыях.
Прэтэндэнтка на дэпутацкі мандат па Слуцкай выбарчай акрузе №67 Аліна Нагорная накіравала кіраўніку мясцовага аддзела ўнутраных спраў заяву з просьбай адрэагаваць на публікацыю паклёпніцкай інфармацыі пра яе адміністрацыяй сайта slutsk-gorod.by, а таксама на перашкоды з боку асобных грамадзян у зборы подпісаў прадстаўнікам яе ініцыятыўнай групы.
У сваёй заяве Аліна Нагорная спасылаецца на адзін з допісаў, апублікаваны 18 ліпеня адміністрацыяй сайта slutsk-gorod.by на сваёй публічнай старонцы ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, у якім, на думку патэнцыйнай кандыдаткі, утрымліваецца паклёпніцкая інфармацыя пра яе зняважлівага характару. Апублікаваная інфармацыя паставіла пад сумнеў яе сумленнасць, прыстойнасць, вернасць, наяўнасць гонару і годнасці, нанесла шкоду рэпутацыі і адмоўна паўплывала на збор подпісаў яе ініцыятыўнай групай, лічыць Аліна Нагорная.
Дэмакратычная актывістка таксама звяртае ў сваёй заяве ўвагу на перашкоды з боку асобных грамадзян у зборы подпісаў каля дома №8 па вуліцы Будаўнікоў прадстаўніку яе ініцыятыўнай групы Юрыю Мяцельскаму.
Патэнцыйная кандыдатка спадзяецца, што адказныя за гэткія дзеянні асобы будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а рэдакцыя згаданага інфармацыйнага рэсурсу будзе вымушана даць абвяржэнне змешчанаму раней паклёпніцкаму допісу.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”