Следчыя РФ падазраюць масквіча, што ён — уладальнік вядомага беларускага тэлеграм-канала
Расійскія следчыя падазраюць масквіча ў тым, што ён з'яўляецца ўладальнікам N*xta Live. Чаму — незразумела.
Расійскія следчыя падазраюць 27-гадовага жыхара Масквы ў тым, што ён з'яўляецца ўладальнікам праекта N*xta Live, паведамляе «Люстэрка».
Цяпер хлопцу пагражае крымінальная справа аб публічных закліках да тэрарызму, піша тэлеграм-канал Baza.
Паводле праваабаронцаў «Baza», маскоўскія следчыя зацікавіліся тэлеграм-каналам N*xta Live з-за публікацый ад сярэдзіны сакавіка мінулага года. Падчас расследавання супрацоўнікі паспрабавалі вылічыць таго, хто валодае каналам. І чамусьці выйшлі на 27-гадовага Алега С., які пражывае ў Маскве.
Як следчыя выйшлі на Алега і чаму менавіта на яго, пакуль невядома. Верагодна, менавіта на яго запісана сімка, на якую аформлены канал, выказала здагадку «Baza».
Цяпер меркаванаму ўладальніку N*xta Live пагражае крымінальная справа аб публічных закліках да тэрарызму (частка 2 артыкула 205.2 КК РФ). Яна прадугледжвае ад пяці да сямі гадоў калоніі.
Меркаваны ўладальнік канала N*xtа Live сцвярджае, што ён не мае ніякага дачынення да гэтага праекта. «Мяне ўжо выклікалі ў паліцыю, задавалі гэтыя пытанні. Я ім сказаў, што я ўсё жыццё жыў у Маскве і ніяк не звязаны з гэтым каналам. Аб астатнім я не гатовы казаць без адваката», — распавёў Алег.
Акрамя таго, бацькі Алега распавялі журналістам «Baza», што супрацоўнікі праваахоўных органаў ужо прыходзілі да іх дадому і праводзілі там следчыя дзеянні. На пытанне, ці канфіскавалі яны нейкую тэхніку з хаты, бацькі адказваць не сталі.
У N*XTA Live інфармацыю аб тым, што ўладальнікам канала з'яўляецца 27-гадовы масквіч, абверглі.
«Па-першае, сам факт таго, што наш супрацоўнік можа знаходзіцца ў Расіі ці Беларусі — гэта абсурд. У мэтах бяспекі ні адзін з дзеючых прадстаўнікоў рэдакцыі не наведвае названыя краіны. Па-другое, у рэдакцыі N*XTA няма грамадзян РФ», — пракаментавалі там інфармацыю Baza.
У N*XTA Live не выключаюць, што масквіч мог стаць ахвярай самавольства расійскіх сілавікоў, якія такім чынам вырашылі зарабіць сабе зорачку на пагоны.
«Такім чынам, ёсць два варыянты: навіна з'яўляецца ўкідам і Алега насамрэч не існуе, ці ж навіна — не фэйк, але Алег — звычайны чалавек, які стаў ахвярай карнай машыны».
N*xta — гэта беларускі праект, які заснаваў журналіст Сцяпан Пуціла. Яго аўтары ў сваіх інтэрв'ю ніколі не згадвалі аб супрацоўніцтве з расіянінам па імені Алег.
Нагадаем, МУС Беларусі забараніла дзейнасць Telegram-каналаў N*XTА, N*XTА-Live і L*HTA яшчэ ў кастрычніку 2021 года — калі каналы прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». А яшчэ раней улады вырашылі прыцягваць да крымінальнай адказнасці падпісчыкаў Telegram-каналаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». А за год да таго, 20 кастрычніка 2020 года, суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Telegram-канал N*XTA і яго лагатып «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У рашэнні суда адзначалася, што ў матэрыялах, якія публікуюцца каналам, актыўна асвятлялі пратэсты ў Беларусі, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, ёсць «прыкметы экстрэмізму», бо ў іх гаворыцца аб арганізацыі і публічных закліках да «масавых беспарадкаў».