СК: зварот БАЖ з нагоды затрымання 47 журналістаў — «абстрактны». Праверкі не будзе

28 жніўня, на наступны дзень пасля масавага затрымання журналістаў у Мінску і Брэсце, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» накіравала старшыні Следчага камітэта заяву з просьбай распачаць крымінальную справу па факу перашкоды законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў.



Фота: Надзея Бужан, TUT.BY 

Фота: Надзея Бужан, TUT.BY 

У дакуменце на 4 аркушах Беларуская асацыяцыя журналістаў падрабязна апісвала абставіны справы, а таксама выклала абгрунтаванне неабходнасці распачаць крымінальную справу па прыкметах артыкула 198 Крымінальнага кодэкса.

А сёння, 10 верасня, БАЖ атрымала адказ ад начальніка аддзела па працы са зваротамі грамадзян цэнтральнага апарата СК.

“Паведамляем, што выкладзеная ў звароце інфармацыя па сутнасці носіць абстрактны характар, у сувязі з чым падстаў для правядзення Следчым камітэтам праверак і прыняцця рашэнняў у парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, не маецца”, — гаворыцца ў адказе.

Нагадаем, 27 жніўня ў Мінску на плошчы Свабоды, на плошчы Незалежнасці, на праспекце Незалежнасці, а таксама ў Брэсце супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі затрыманыя 47 журналістаў.

“Праваахоўнікі” ў адвольным парадку знішчалі зыходныя матэрыялы здымак, якія ўяўляюць сабой інтэлектуальную ўласнасць журналістаў і СМІ. Усё гэта суправаджалася пагрозамі пашкоджання або знішчэння прафесійнай тэхнікі журналістаў.

 

bezymyannyyf.jpg

Паводле Прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"