Сёння невядомыя ўскрылі дзверы ў Гродзенскім дзіцячым хоспісе

Відэа таго, як невядомыя людзі ўскрываюць дзверы, апублікавала ў фэйсбуку дырэктарка хоспіса Вольга Вялічка.

grodnenskiy_detskiy_hospis_imeni_svyatogo_guberta_14_1_1.jpg

Нагадаем, на пачатку сакавіка ў пракуратуру Гродна паступіў зварот дзіцячай паліклінікі №2, якая знаходзіцца ў адным памяшканні з дзіцячым хоспісам. «Высветлілася, што ў траўні 2020 года Гродзенскі дзіцячы хоспіс... самавольна, без афармлення дадатковага пагаднення, заняў памяшканні агульнага карыстання лечустановы — вестыбюль з калідорам, у якіх арганізаваў швейную вытворчасць». Пракуратура адзначыла таксама, што супрацоўнікі хоспіса ў памяшканні не працуюць каля чатырох месяцаў.
Між тым, у памяшканнях валанцёры шылі ахоўныя касцюмы для медыкаў. І за паўгода пашылі тысячы камбінезонаў, халатаў, бахілаў. Бясплатна перадавалі іх медыкам у шпіталі Гродзенскай вобласці.
Увосень валанцёраў выселілі з майстэрні, там праходзілі праверкі ДФР.

У дачыненні да дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольгі Вялічка 1 снежня 2020 года распачата крымінальная справа па ч.3 арт. 210 КК «па факце крадзяжу маёмасці грамадскай арганізацыі».
Яшчэ раней, 9 верасня 2020 года, Вольга Вялічка была затрыманая на вулічным мерапрыемстве па зборы сродкаў на дабрачыннасць і правяла пад вартай 24 гадзіны. 15 кастрычніка Вольга была аштрафаваная за ўдзел у дабрачыннай акцыі паводле ч.1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.
У сям’ю да Вялічак хацелі прыйсці органы апекі, каб праверыць хатнія ўмовы. Але 21 кастрычніка Вялічкі з’ехалі ў Вільню.