Сёння Беларусь развітваецца з Раманам Бандарэнкам (шмат фота, відэа)
Тысячы людзей прыйшлі да храма Уваскрасення Хрыстова на Гамарніка, дзе адбылося развітанне з Раманам Бандарэнкам. Героі не ўміраюць!
Рамана Бандарэнку пахавалі на Паўночных могілках.
Так выглядалі Паўночныя могілкі ў 13.20. Фота motolkohelp
TUT.BY паведамляе, што калона людзей рушыла ўслед катафалку ў бок Паўночных могілак, дзе адбудзецца пахаванне. А людзі, што не здолелі трапіць на развітанне, выйшлі ў ланцугі салідарнасці. Прынамсі, акцыі прайшлі на Партызанскім праспекце ў раёне МКАД і на вуліцы Сурганава.
Прылеглая тэрыторыя ўся запоўненая людзьмі. Нягледзячы на тое, што развітанне скончылася, людзі з кветкамі працягваюць падыходзіць да царквы. Некаторыя рушылі па ходніках Мірашнічэнкі і Гамарніка — незразумела, ці то шэсцем ці то да транспарту. Адтуль да Паўночных могілак, дзе будзе пахаваны Раман Бандарэнка, ходзіць рэйсавы аўтобус.
Труну вынеслі ў катафалк пад царкоўны звон, апладысменты і скандаванне «Я выхожу». Раман Бандарэнка будзе пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Відавочна, што людзей прыйшло вельмі багата, і да меркаванага ў 12 гадзін заканчэння ўсе развітацца не паспеюць. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь», «Я выхожу», «Рома ты герой», «Не забудем не простим».
Відэа reform.by
Машыны, што праязжаюць побач, гудуць. Людзі кажуць, што перамогу над фашызмам мы будзем святкаваць не за 1945 год, а за 2020. Будуць новыя героі, і шкада што такія, як Рома, не дажывуць да перамогі. Людзі перыядычна ўздымаюць рукі са знакам "вікторыя". А калі людзі сталі заходзіць у царкву развітвацца, вакол сонца ўзнікла гало.
Відэа reform.by
Фота reform.by
Месцаў для паркоўкі ўжо няма. Людзей просяць не ехаць на машынах. Паўсюль шмат ДАІшнікаў.
Чарга ў царкву расцянулася на некалькі соцень метраў, людзі ідуць па вуліцы Гамарніка няспынна, нясуць вянкі і кветкі. Святар перад пачаткам развітання сказаў, што не ведае, ці пагодзіцца сям’я, каб так шмат людзей паехала на могілкі.
Прыкладна ў 11.20 людзей пачалі пускаць на развітанне ў храм. Аднак родныя прасілі там не фатаграфаваць.
Фота reform.by
Рамана Бандарэнку збілі невядомыя ў двары плошчы Пераменаў 11 лістапада. 12 лістапада ён памёр у шпіталі. Смерць Рамана Бандарэнкі, які проста выйшаў у свой двор і загінуў, выклікала вялікую хвалю гневу і салідарнасці сярод беларусаў.
Да збіцця, магчыма, мелі дачыненне старшыня Федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў і кікбаксёр Дзмітрый Шакута.
Гепракуратура распачала крымінальную справу, але не ў дачыненні да тых, хто да смерці збіў Рамана, а ў дачыненні да лекара мінскай Гарадской клінічнай больніцы хуткай медычнай дапамогі і іншай асобы па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 ст.178 КК (Разгалашэнне медычнай таямніцы). Гэты лекар, меркавана, паказаў аналіз крыві Рамана Бандарэнкі. У гэтым дакуменце відаць, што этылавага спірту ў крыві Рамана Бандарэнкі няма. Раней Лукашэнка, следчыя органы, пракуратура, Качанава сцвярджалі, што Рамана Бандарэнка быў п’яны.
Артыкул прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. У межах справы затрыманы лекар, а таксама журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч.