Сяргей Дубавец: Беларускасць — як парода, яна ў крыві і ў кожным наступным пакаленні
Цяжкія часы ствараюць моцных людзей, а моцныя людзі ствараюць лёгкія часы. Першы рэдактар адноўленай «Нашай Нівы», празаік і шматгадовы аўтар «Радыё Свабода» Сяргей Дубавец распавёў «Салідарнасці», якой бачыць будучыню Беларусі.
– Як, на ваш погляд, будуць пісаць у будучых падручніках гісторыі пра перыяд дыктатуры Лукашэнкі?
– Асабіста мяне бянтэжыць, калі чытаю, што выбары 1994 году былі апошнімі законнымі. Па-першае, цалкам паўнавартасных выбараў у Беларусі не было ніколі ў найноўшым часе, не было такога досьведу. Па-другое, вядомыя грубыя парушэньні кандыдатам Лукашэнкам выбарчага заканадаўства.
Па-трэцяе, пра «стаўку на КГБ па ўсёй вэртыкалі» кандыдат заявіў у часе тых выбараў. Народ і нацыя ніколі не былі і ня ёсьць для яго колькі-небудзь істотным фактарам. На народ, як крыніцу ўлады ў Канстытуцыі, ён грэбліва кажа «народзец».
А ўжо ў 1995 годзе, калі Лукашэнка загадаў разагнаць парлямэнт, Васіль Быкаў назваў гэты рэжым хунтай, якая сілай захапіла ўладу. Думаю, гэта вычарпальная характарыстыка для падручніка.
– Сёння мы назіраем жудасныя рэпрэсіі ўнутры Беларсі. Ці змогуць рэжым Лукашэнкі і Расея перамалоць беларусаў духоўна і маральна?
– Гэта немагчыма. Па-першае, беларускасьць — як парода, яна ў крыві і ў кожным наступным пакаленьні. Пры самай жорсткай русыфікацыі, як было за савецкім часам, мы рана ці позна пачынаем задавацца пытаньнем: чаму мы, маючы ўсе адзнакі ўласнае самабытнасьці, як і ўсе нашы суседзі, удаем зь сябе расейцаў, то бок жывем не сваё жыцьцё?
Па-другое, падзеі 2020 году паказалі, што мы ўжо даўно не зацугляныя «калхозьнікі», а цалкам сабе сучасныя, эўрапейскія, унутрана свабодныя людзі, якім зусім не адпавядае цяперашняя ўлада «тоже русских» людзей, якія да Беларусі ня маюць ніякага дачыненьня, а пры тым страшаць нас зброяй і турмой.
Усё гэта ўжо было не аднойчы, і наша чалавечая прырода нікуды ня дзелася, не перамалолася. Наадварот, жаданьне быць самімі сабой толькі павялічваецца.
– У якой гістарычнай кропцы сёння, на ваш погляд, знаходзіцца нашая краіна?
– Гэта кропка дэградацыі дзяржаўных інстытуцыяў, якія спрабуюць адмовіць сам факт існаваньня беларускай нацыі і ў выніку ператвараюць дзяржаву ў голую, некампэтэнтную і бесчалавечную бюракратыю.
Тым часам беларусы — як літоўцы за савецкім часам, ужо не савецкія людзі і ўжо засяроджаныя на сабе. Гэта добры, пазытыўны працэс, мы мусім не чакаць, а мацавацца ў гэтым. Як кажуць, цяжкія часы ствараюць моцных людзей, а моцныя людзі ствараюць лёгкія часы.
– Сёння кажуць пра сотні тысяч актыўных беларусаў, якія ў апошнія гады з’ехалі з краіны. Якім можа быць іх лёс, ці вернуцца яны калі-небудзь у Беларусь?
– Папярэдняя вялікая беларуская эміграцыя — паваенная — не вярнулася, бо не было куды вяртацца. Але яна фактычна захавала Беларусь — несавецкую, не скалечаную беларускую мову, уласную візію беларускай гісторыі, беларускую культуру… Яна інстытуалізавалася, стварыла беларускія цэнтры па ўсім сьвеце.
Нешта падобнае адбываецца і сёньня, калі рабіць гэта на радзіме немагчыма. Расея нязьменна застаецца тым самым «маскалём», пад якім, пісаў Каліноўскі, наш народ ніколі не зажыве шчасьліва.
Іншая рэч, што сёньня няма ані царскай, ані камуністычнай ідэалёгіі і вобраз самой Расеі зь яе агрэсіяй ва Ўкраіне ня мае ніякіх сьветлых ці прывабных бакоў. Ён цалкам адмоўны і эстэтычна пачварны.
– Якой вы бачыце будучыню Беларусі і месца нашай краіны ў свеце?
– У нашым кутку Эўропы, апроч вечна агрэсіўнай Расеі, мы маем чатыры краіны-суседкі: Латвію, Літву, Польшчу і Ўкраіну. Разам гэта немалая сіла. Гэта краіны зь мірнымі, дэмакратычнымі, свабоднымі памкненьнямі, зь вяршэнствам закону і павагай да правоў чалавека.
Наша месца — сярод іх і разам зь імі, з тымі самымі памкненьнямі.
– Якім вы бачыце ў аддаленай будучыні статус беларускай мовы?
– Толькі адзінай дзяржаўнай. У нас ня можа быць двумоўя на дзяржаўным узроўні — гэта праверана на практыцы: адзіная дзяржаўная беларуская мова і становіцца фактычным двумоўем.
Ясна, што ніхто ня будзе прымушаць народ гаварыць па-беларуску, а дзяржава (чынавенства) мусіць функцыянаваць па-беларуску, калі гэта сапраўды беларуская дзяржава, а не Валагодзкая губэрня Расеі.