Сяргей Чалы: Каханую ж не аддаюць? Дык не даставайся ж ты нікому!

Апошнім часам здарыўся чарговы ўсплёск гвалту і жорсткасці з боку сілавікоў да мірных пратэстоўцаў, што параўнальны з першымі днямі пратэстаў. Гэтым разам гвалт аказаўся адрасным і накіраваным на прафесіяналаў высокага ўзроўню. Больш за тое, улада вырашыла нанесці ўдар па апошнім бастыёне, фінансавай сістэме

Марш жанчын 12 верасня. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Марш жанчын 12 верасня. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Сяргей Чалы сваёй чарговай, 401-й перадачы "Эканоміка на пальцах" на  TUT.BY аналізуе, чым гэта можа скончыцца. Прапануем некаторыя думкі незалежнага аналітыка, чаму цяпер Беларусь аказалася на мяжы і чаму не вельмі добра калі разваліцца яшчэ і фінансавая сістэма. Тое, што адбываецца цяпер, — натуральны працэс раскладання ўнікальнай беларускай палітэканамічныя мадэлі, упэўнены аналітык. І гэта перыяд, які папярэднічае краху.

Гатоўнасць людзей выходзіць і ў чымсьці ўдзельнічаць — заўсёды функцыя, суадносіны калектыўных выгодаў і персанальных выдаткаў ад удзелу. Стаўка была ў нейкі момант зробленая на распачацце крымінальных спраў, але зразумела, што з такой іх колькасцю сістэма можа проста не справіцца. Дзве хвіліны — гэта дастаткова для адміністрацыйнага працэсу, дзе сведка з выдуманым прозвішчам І ў балаклаве нешта распавядае, але крымінальны працэс складанейшы. У выніку, думаю, знайшлі яшчэ больш просты спосаб павышэння персанальных выдаткаў, — мяркуе Сяргей Чалы.

І пайшоў рост колькасці траўмаў, пераламаных пальцаў, рук і ног, гісторыя накшталт той, што была са збітым пілотам, якому пашкодзілі пальцы і была рызыка, што ён доўга не зможа працаваць. Гэта значыць, стаўка не на тое, каб ізаляваць людзей, уцягваць іх у складаныя крымінальныя працэсы, а на тое, каб проста знявечыць, пазбавіць працаздольнасці на той жа ці нават большы тэрмін. Тым больш што відавочна: ніякіх расследаванняў па гэтых фактах не будзе.

Калі ў першыя дні пратэстаў гвалт і садызм былі бязадраснымі, то цяпер —адрасныя. І накіраваны яны на паспяховых людзей, якія дамагліся гэтага не дзякуючы дабраславенню дзяржавы, на прафесіяналаў высокага ўзроўню, лекараў, айцішнікаў, артыстаў, спартсменаў, музыкаў, якія раптам аказаліся запатрабаваныя як ніколі. Усе яны не залежаць ад дзяржавы, яны запатрабаваныя ўсюды. Тое самае пагарджанае трэцяе саслоўе прафесіяналаў, здольных зарабляць уласнай працай. І гэта важная частка буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, якая адбываецца цяпер. Менавіта да гэтых людзей адрасна звернутая нянавісць, — адзначае аналітык.

Чалы ўпэўнены, што такая змена тактыкі — не абавязкова адбываецца па загадзе. Цяпер уладу атрымалі людзі, якія гатовыя цкаваць і збіваць тых, хто да іх не падобны.

Гэта цалкам ініцыятыўная рэч. Вы выгадавалі людзей, якія гатовыя цкаваць і збіваць тых, хто да іх не падобны. Гэта як раней дваровыя хуліганы цкавалі выдатнікаў «батанаў», тых, хто ішоў у музычную школу са скрыпкай і планаваў у будучыні стаць нармальным чалавекам. Заўважце, гэтыя людзі ніяк не перашкаджалі шпане — хіба што самім фактам свайго існавання. Гэта выключна класавыя пачуцці. І мы да такога дайшлі. Важны момант: гэта не загад, гэта натуральнае развіццё працэсу. Калі вы даяце карт-бланш на гвалт, разумеючы, што ніякай адказнасці за гэта не будзе (па адказах СК і пракуратуры на жнівеньскія заявы гэта відавочна), трэба быць гатовым менавіта да такога развіцця падзей — папярэджвае Чалы.

Гэта вяртанне да таго натуральнага стану, пра які кажа Дзмітрый Быкаў, які назваў фашызм найбольш натуральным для чалавека станам.

Налёт цывілізацыі тонкі і хутка злятае. Чаго яшчэ чакаць, калі ўлада прызнае, што бываюць сітуацыі, калі не да законаў? Што можна перагарнуць старонку? Гэта не праходзіць бясследна, калі зацягваецца… А калі іх узброіць, а гвалт легітымізаваць, даць на яго права, мы атрымаем тое, што маем цяпер, — канстатуе Чалы.

Ён адзначае, што раней рэжым паспяхова стыгматызаваў пратэстныя групы «змагараў», «свядомых» (дарэчы, абодва словы маюць цалкам пазітыўную канатацыю). Сапраўды, можна было часта пачуць, як праходзяць міма акцый апазіцыі казалі штосьці накшталт: «Сталіна на іх няма», «Расстрэльваць б такіх». Пакуль група была нешматлікай, маргіналізаваць яе атрымлівалася. Яны былі прафесійнай ахвярай, якую можна і трэба біць.

Але часам практыка дае збоі.

Тое, што адбываецца цяпер, — натуральны працэс раскладання ўнікальнай беларускай палітэканамічныя мадэлі, упэўнены аналітык. І гэта перыяд, які папярэднічае краху.

— Цяпер амаль не засталося людзей, якія не атрымалі б ад улады таўро. Студэнты такія, айцішнікі сякія, медыкі павінны, артысты і спартсмены нам абавязаныя. І ўсё — дрэнныя. Хто застаўся? Прыгажуны!

Дарэчы, з Лукашэнкам і засталіся «прыгажуны», гэта значыць сілавікі, і чыноўнікі дзяржапарату з катэгорыі «а як жа мы без яго», адзначае Чалы.

Дзіўная гісторыя, пра якую ў сваім Facebook напісаў Леў Львоўскі: тэхнакратаў, людзей, якія прафесійна выконваюць свае абавязкі, у Беларусі не засталося. Цяпер, калі відавочна, што гвалт стаў сістэмным, любы пакінуты ў сістэме чалавек працуе не на краіну, а выконвае функцыі, патрэбныя рэжыму. «І маўчаць і згаджацца з любымі дзеяннямі — гэта першы пункт вашага працоўнага дагавора», піша Львоўскі.

У сістэме засталіся бездапаможныя, павязаныя крывёю людзі, якія лічаць, што нічога не могуць без Лукашэнкі. Усе іх «як жа мы без яго» і «без яго ўсё разваліцца» — гэта ўжо сімвал веры, перакананы Чалы.

У Беларусі адкрыта не заладзілася са многімі знакавымі праектамі: знакавыя вытворчасці то гараць, то там нешта выбухае, толькі запушчаная АЭС спыняе выпрацоўку электраэнергіі, але апошнім моцным бастыёнам заставалася базавая рэч, без якой не жыве ні адна краіна. Фінансавая сістэма, банкаўская сістэма.

— Які прадукт вырабляе банкаўская сістэма? Многія думаюць, што грошы. Не! Банкаўская сістэма вырабляе давер. І ўльтыматыўным вытворцам гэтага даверу ў банкаўскай сістэме з'яўляецца Нацбанк. Усе заклікі праціўнікаў Лукашэнкі здымаць дэпазіты, спусташаць карткі я ўспрымаў як дэструктыўныя. Калі гэта ўсё абрынецца, не ведаю, якое грамадства, якую краіну мы атрымаем. Але ўлада вырашыла забіць гэта давер. Так, я пра гісторыю з блакаваннем рахункаў і спісаннем сродкаў, пералічаных у якасці дапамогі. Каханую ж не аддаюць? Так не даставайся ж ты нікому!

У выніку мы назіраем ператварэнне органаў, якія павінны вяршыць правасуддзе, у тых, хто ўхваляе бандытаў, паказвае, наколькі інвертаваная маральная шкала. Адбылася страта даверу да тых, хто павінен абараняць. Страта даверу да інстытутаў. І цяпер Беларусь на мяжы, папярэджвае эксперт.

 Паводле tut.by
Пераклад НЧ