«Сітуацыя напружаная». Канфліктаў з бацькамі будзе болей». Атмасфера ў школах вачыма настаўнікаў

Настаўнікі падзяліліся з Belsat.eu думкамі пра цяперашнюю сітуацыю ў школах. Некаторыя з іх лічаць, што расце імавернасць канфліктаў паміж бацькамі і адміністрацыяй. Каб зразумець, як іх вырашаць, belsat.eu паразмаўляў са школьным медыятарам і настаўнікамі.

school_6.jpg

Настаўніца менскай гімназіі М.
Пачынаючы ад выбараў мы вельмі актыўна падтрымлівалі сувязь з вучнямі. Шмат хто пісаў падзякі за маю актыўную пазіцыю. Сёння я бачыла, што да маіх калег з камісіі дзеці ставіліся халодна. Нашы дзеці ўсё абмяркоўваюць, усё разумеюць. Я адчуваю агіду да некаторых сваіх калег, мы з імі размаўляем на ўзроўні дзелавых адносін. Палова – нейтральныя. І я нават не ведаю, што горш. Абстаноўка вельмі цяжкая.
Да нашага дырэктара запісы на прыём да канца кастрычніка. Шмат хто прыходзіць паразмаўляць зусім не пра дзяцей, а запытаць, ці не сорамна. Бачу па нашай адміністрацыі, што паўплывалі шматлікія абурэнні. Школа пачынае ісці на саступкі, каб панізіць градус напружання. Упершыню за ўвесь час нам сказалі, што калі дзіця не хоча харчавацца ў школе, то няхай, і не трэба пісаць заяву.
Некаторыя бацькі не збіраюцца здаваць грошы на рамонт. Шмат хто адмаўляецца збіраць макулатуру, ад падпісак, ад наведвання матчаў. І гэта іх права, але ўсё гэта будзе даціскацца праз настаўнікаў. Мы з калегамі абмяркоўвалі, што калі будзе моцны ціск, то можна казаць: «Так, я не дала рады, у мяне недастаткова досведу. Мабыць завуч па выхаваўчай працы прыйдзе і дапаможа?»
Настаўнік мусіць быць нейтральным, не дапускаць пераходу на асобы. Не бывае дрэнных людзей, бываюць дрэнныя ўчынкі. Трэба быць дыпламатам і накіроўваць гэта ў мірнае рэчышча. Наша асноўная мэта – гэта дзеці, іх будучыня і вучоба. Часам запытваюць, чаму я выйшла на працу і не страйкую. Хтосьці павінен быць у тылу і гэта павінны быць светлыя людзі.
Ганна, былая настаўніца адной з гомельскіх школ
Па маіх назіраннях нязгодныя менавіта тыя настаўнікі, якія хочуць расці, працаваць не толькі па канспекце ўрока. Не ведаю, ці будуць адкрытыя канфлікты ці не, але сітуацыя напружаная ёсць. Тыя, хто ўдзельнічаў у відавочным падмане, павінны былі быць гатовыя да гэтага. Калі ты ідзеш на злачынства, то ведаеш, што будзе адказнасць. Таму я думаю, што канфлікты будуць. Безумоўна, у бацькоў ёсць пытанні.
Праблема дыялогу між бацькамі і школай ёсць. Настаўнік, дырэктар баяцца браць на сябе адказнасць за рашэнне пытанняў. Баяцца асуджэння, звальнення.
Настаўніца менскай гімназіі С.
Асабіста ў мяне быў дрэнны настрой, асабліва калі напрыканцы жніўня пайшлі нападкі на настаўнікаў. Часам узнікаюць такія канфлікты, калі адзін аднаго з бацькамі не разумеем. Тут патрэбнае выхаванне настаўніка, стрыжань.
У мяне быў выпадак, калі шмат год адна сям’я не здавала грошы на падпіску – адміністрацыя паставілася спакойна, але гэта адзінкавы выпадак. Калі гэта будуць рабіць масава, то вядома адміністрацыі гэта не спадабаецца. Што б ні казала Мінадукацыі, усё роўна гэтыя паездкі на матчы, зборы грошай на падпіску прыходзяць зверху.
«Школа павінна быць па-за палітыкай»
У аддзеле дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення Менгарвыканкаму з намі таксама падзяліліся настроем:
«Навошта вам падымаць такія пытанні на пачатку навучальнага года? Мы наладжаныя на пазітыў, на ўзаемадзеянне паміж настаўнікамі і бацькамі. У любой сферы ёсць такое, што хтосьці кімсьці незадаволены. У кожнага з нас ёсць жыццёвая пазіцыя. Школа павінна быць па-за палітыкай. Настаўнік павінен навучыць дзіця і толькі з гэтымі думкамі прыступаць заўтра да працы. У нас ёсць педагагічная этыка, якой кожны павінен прытрымліваецца».
Ціск на настаўнікаў у дзяржаўным органе таксама адмаўляюць.
Паміж настаўнікамі і бацькамі мусіць быць дыялог
Пра гэта мы паразмаўлялі з псіхолагам і медыятарам Ганнай Івановай.
Чым важны дыялог паміж школай і бацькамі?
У першую чаргу гэта трэба зрабіць дзеля нашых дзяцей, паказаць ім, што магчыма пра ўсё дамовіцца. Любыя спрэчныя моманты магчыма вырашыць мірным шляхам.
1 верасня не пускалі бацькоў сфатаграфаваць дзяцей у класе. Я папрасіла дырэктара – яна мне ў катэгарычнай форме адмовіла. Гэта быў не час і не месца выяснення адносін. Вось такія моманты зараз будуць усплываць і ператварацца ў канфлікты. Ані настаўнікам, ані бацькам гэтага не трэба. Гэта ўсё можна вырашаць за сталом перамоў, у мірнай і спакойнай атмасферы, не на калідорах. Маё дзіця, напрыклад, расплакалася і не хацела ісці ў клас. Яна бачыла, што мяне ў клас не пускаюць – для яе гэта быў стрэс.
Зараз школа зрабіла ўсё для таго, каб па мінімуму камунікаваць з бацькамі. Але бацькі хочуць удзельнічаць у навучальным працэсе. Школа заўсёды кажа пра тое, што патрэбнае ўзаемадзеянне з бацькамі, але часта адгароджваецца ад іх. Ніякага ўзаемадзеяння зараз не адбываецца і бліжэйшым часам не будзе. Выйшла распараджэнне Мінздароўя і бацькоў не будуць пускаць у школу, а бацькі занепакоеныя тым, што адбываецца з дзецьмі, як выбудаваны навучальны працэс.
Што перашкаджае дыялогу паміж бацькамі і настаўнікамі?
Гэта праблема і ў бацьках у тым ліку, таму што яны недастаткова ведаюць свае правы, якім чынам могуць выйсці на дыялог са школай. Давер да адміністрацыі з кожным днём тае разам з верай у тое, што бацькоў увогуле хтосьці гатовы слухаць.
У настаўнікаў жа ёсць разуменне, што калі яны перастануць кантактаваць з бацькамі, то змогуць у рамках школы захаваць свой аўтарытэт. Насамрэч гэта папросту выльецца ў тое, што сітуацыя траўмуе нашых дзяцей. Дома яны чуюць адно, а ў школе іншае.
Што дапаможа ў дыялогу паміж бацькамі і школай?
Я лічу, што неабходны зварот да медыятара. Гэты чалавек адказвае за арганізацыю працэсу перамоў. Спачатку размаўляе з адным бокам, потым з другім. Толькі пасля мы садзімся за стол перамоў, ствараецца атмасфера, каб людзі маглі размаўляць. Былі такія выпадкі, калі медыяцыя заканчвалася недасягненнем рашэння на паперы, але канфлікт быў вычарпаны сам па сабе. Было такое, што дастаткова адной сустрэчы.
Ці адміністрацыя школы заўсёды гатовая да перамоў?
Згодна з заканадаўствам медыяцыя паміж школай і бацькамі можа адбывацца. Тут ужо прафесіяналізм медыятара грае ролю. Першым звяртаецца той бок, які гатовы ісці на дыялог. Тады ўжо медыятар кантактуе з другім бокам і прапаноўвае перамовы. Зазвычай медыятарам атрымліваецца растлумачыць правільнасць такіх дзеянняў. Я ўпэўненая, што адміністрацыя нашых школ: настаўнікі, завучы, дырэктары – гэта вельмі разумныя людзі, якія разумеюць каштоўнасць мірных перамоў, без скандалаў.