Сілавікі ўжо карыстаюцца «дазволам» на прымяненне баявой зброі? (відэа)
Увечары 13 кастрычніка на скрыжаванні вуліц Сурганава і Кузьмы Чорнага ў Мінску сілавікі адкрылі агонь па маладому чалавеку, які ўцякаў. Відэа інцыдэнту апублікаваў тэлеграм-канал Nexta.
Паводле інфармацыі канала, усё здарылася каля 22.40. На відэа бачны белы мікрааўтобус ля краю вул. Сурганава. Раптам праз скрыжаванне ў бок вул. Чорнага кінуўся малады чалавек. Прыкметна, што ў мікрааўтобуса адчыненыя заднія дзверы — мяркуецца, хлопец мог выскачыць з яго.
За ім адразу ж кінуліся двое сілавікоў, адзін з іх, выбегшы на сярэдзіну дарогі, стрэліў — не ў паветра, а проста ў напрамку юнака, нягледзячы на тое, што па дарозе ехалі машыны і гарадскі аўтобус. Пасля гэтага яны сталі даганяць хлопца, праз некалькі секунд да іх далучыліся і астатнія сілавікі з мікрааўтобуса. Пачуўся яшчэ стрэл. Мікрааўтобус сілавікоў павярнуў на Чорнага услед за пагоняй.
Адзначым, невядома, з якой зброі і якімі патронамі стралялі сілавікі ў дадзеным выпадку, але гук стрэлу на відэа падобны на гук стрэлу з баявога пісталета.
Нагадаем, раней першы намеснік Міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў, што ў сувязі з «радыкалізацыяй» пратэстаў сілавікі гатовыя прымяняць баявую зброю супраць бяззбройных пратэстоўцаў.
Паводле REFORM.by