Шымону Перэсу ўручана беларускае пасведчанне аб нараджэнні
Шымону Перэсу ўручана пасведчанне аб нараджэнні, выдадзенае аддзелам запiсу актаў грамадзянскага стану горада Валожына, у раёне якога знаходзіцца вёска Вішнева, дзе ў 1923 году нарадзіўся будучы прэзідэнт Ізраіля.
Фота: "Курсор"
На ўрачыстай цырымоніі, якая адбылася 15 ліпеня ў іерусалімскай рэзідэнцыі Шымона Перэса, з беларускага боку бралі ўдзел ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль Анатоль Моткін, кіраўнік дэпартаменту краін Афрыкі і Блізкага Усходу Ігар Ляшчэня і трэці сакратар амбасады Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль Юры Сімакоў. З ізраільскага боку, акрамя кіраўніка дзяржавы, — стратэгічны дарадца прэзідэнта Ёрам Доры і дарадца прэзідэнта па палітычных пытаннях Надаў Тамір.
Кіраўніцтва беларускага МЗС аператыўна адрэагавала на ініцыятыву дарадцы прэзідэнта і аказала ўсебаковае садзейнічанне ў выдачы пасведчання. Першапачаткова ідэя перадачы дадзенага дакумента належала дарадцу прэзідэнта Ёраму Доры. Ён агучыў яе ў чэрвені гэтага года падчас візіту ў Рэспубліку Беларусь у рамках праграмы "Лімуд". Разам з ім у Беларусь тады прыбыла дачка ізраільскага прэзідэнта д-р Цвія Валдэн і кіраўнік праекту Хаім Чэслер. У ходзе наведвання вёскі Вішнева яны адкрылі памятны знак на месцы, дзе стаяў дом Перскіх і дзе нарадзіўся дзявяты прэзідэнт Ізраіля.
На цырымоніі ў Ерусаліме Шымон Перэс перадаў асабістую падзяку прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку і выказаў жаданне наведаць сваю малую радзіму пры першай жа магчымасці. Ён таксама адзначыў, што з Беларуссю яго звязваюць самыя светлыя ўспаміны.
Па просьбе Анатоля Моткіна кіраўнік дзяржавы падпісаў адбітак аўтабіяграфіі першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана. Гэты асобнік будзе перададзены на захоўванне ў дом-музей Вейцмана ў беларускай вёсцы Моталь.
"Ізраіль нарадзіўся ў Беларусі, — напісаў Шымон Перэс. — Абсалютная большасць нашых выбітных лідараў, пісьменнікаў і мастакоў пачыналі сваё жыццё ля беларускай калыскі. З невялікіх вёсачак выйшлі вялікія летуценнікі і вялікія лідары. Мы ўдзячныя вам за гэта. Я асабіста адчуваю каласальны гонар ад таго, што мая калыска стаяла ў вёсцы Вішнева, Валожынскага раёна, Мінскай вобласці".
Нагадаем, што ў кастрычніку 2012 года прэзідэнт Ізраіля ў тэлефоннай размове выказаў асабістую падзяку прэзідэнту Алясандру Лукашэнку і беларускім урачам за выратаванне жыцця былога кіраўніка Масада Меіра Дагана.
Шымон Перэс падпісвае асобнік біяграфіі Х. Вейцмана