Сфера адукацыі летась страціла больш за 5 тысяч супрацоўнікаў

Прает «Кошт урада» падвёў вынікі рынку працы ў 2022 годзе

imgl0339__1__logo_1.jpg

Сферы адукацыі і аховы здароўя з'яўляюцца важнымі маркерамі стану эканомікі Беларусі ў цэлым, лічацць эксперты канала «Кошт урада». У іх сканцэнтравана значная доля занятасці. Так, сфера адукацыі — гэта каля 10% занятых у эканоміцы, ахова здароўя і сацзабеспячэнне — яшчэ каля 8%. Нагадаем таксама, што гэтыя сферы з'яўляюцца асноўнымі атрымальнікамі сродкаў кансалідаванага бюджэту Беларусі.

Мы адсочваем дынаміку занятасці ў адукацыі і ахове здароўя і ўжо доўгі час не можам паведаміць вам добрыя навіны. Падводзячы вынікі 2022-га года, зноў адзначым, што ўсё вельмі сумна. Абедзве сферы губляюць кадры і ў абодвух выпадках гэта адбываецца на фоне росту патрэбы ў спецыялістах. А гэта значыць, што прафесіяналаў у абедзвюх сферах усё менш, адпаведна, нас будуць усё горш лячыць, а нашых дзяцей — вучыць. І негатыўныя наступствы не прымусяць сябе чакаць.

Беларусь на фоне многіх краін доўгі час вельмі прывабна выглядала па ўзроўні развіцця чалавечага капіталу. Шмат у чым гэта было вынікам якасці адукацыі. Сёння, калі сучасная эканоміка з'яўляецца эканомікай ведаў, адукацыя і навука вызначаюць патэнцыял развіцця краіны. Тут страта кадраў сёння — гэта упушчаныя магчымасці ўжо заўтра. Рост значэння сферы аховы здароўя не менш відавочны, асабліва на фоне старэння насельніцтва.

Сфера адукацыі за 2022 год страціла 5,1 тыс чалавек. Больш за ўсё адток кадраў закрануў Магілёўскую і Гродзенскую вобласці, а таксама горад Мінск — тут перавышэнне звальненняў над прынятымі работнікамі склала каля 900 чалавек у кожным выпадку.

Адток у сферы аховы здароўя ў мінулым годзе склаў менш за 200 чалавек, што істотна ніжэй паказчыкаў мінулых двух гадоў (страта кадраў у ахове здароўя ў 2020 годзе склала 3,4 тыс. чалавек, у 2021 годзе яшчэ 2,4 тыс. чалавек). Аднак, калі адток тут і скараціўся, то пытанне якасці спецыялістаў застаецца вельмі адчувальным. Пасля 2020 года ахова здароўя стала актыўна губляць кваліфікаваных спецыялістаў. Наўрад ці ім на змену за апошнія два гады прыйшлі супрацоўнікі аналагічнай кваліфікацыі. Таму адным наборам новых кадраў тут праблемы не вырашыць — дзве ці нават тры маладыя медсёстры не будуць заменай аднаму дасведчанаму хірургу.