Савет Рэспублікі лічыць нармальным, калі сваякам пакараных смерцю не выдаюць цела для пахавання

Маці пакаранага смерцю жыхара Гомеля Аляксандра Грунова — Вольга Грунова атрымала першыя адказы на запыты аб неабходнасці змены заканадаўства, якое забараняе сваякам пахаваць целы пакараных смерцю.



grunova.jpg

Усё, што засталося ў Вольгі Груновай пасля сына, — турэмная роба смяротніка

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Лілія Мароз супярэчнасцей нацыянальнага заканадаўства Канстытуцыі і Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах не бачыць. Пра гэта піша "Гомельская Вясна".

Пагаджаючыся па сутнасці з тым, што паводле беларускага законадаўства цела растралянага для пахавання не выдаецца, месца пахавання не паведамляецца, старшыня камісіі прыйшла да нематываванай высновы аб тым, што гэтае пытанне не супярэчыць артыкулам 25 Канстытуцыі і 7 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бясчалавечнаму абыходжанню).

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валер Калінковіч адказаў на зварот жанчыны адным сказам “Для ўнясення ў Канстытуцыйны суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці паднятага пытання Вярхоўны суд не бачыць падстаў”.  

Варта нагадаць, што Вольга Грунова звярнулася да прэзідэнта, у абедзьве палаты Парламента, Вярхоўны суд і Урад каб ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб неканстытуцыйнасці Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы растраляных і паведамляць аб месцах іх пахавання.

Цалкам адказы можна прачытаць на сайце  gomelspring.org


spring96.org