Рух салідарнасці «Разам»: Рукі прэч ад Славаміра Адамовіча!
Рух Салідарнасці «Разам» абураны чарговым крымінальным пераследам Славаміра Адамовіча і прыняў з гэтай нагоды заяву.
Вядомы беларускі паэт, адзін з першых палітвязняў лукашэнкаўскага
рэжыму, сябра Сойму Руху Салідарнасці «Разам» зноўку пад пагрозай
турэмнага зняволення, а зараз знаходзіцца пад хатнім арыштам.
У дачыненні радыкальнага паэта Славаміра Адамовіча заведзеная крымінальная справа за «крадзеж, здзейснены з пранікненнем у жыллё», піша nn.by. Справа была заведзеная ў снежні 2018 года, апошнім часам ён знаходзіўся пад хатнім арыштам. У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» Адамовіч не стаў расказваць падрабязнасці справы, але патлумачыў, што гаворка вядзецца пра суму каля 300 рублёў. Заяву на яго напісала іншая фізічная асоба.
Адамовіч звязвае пераслед са сваёй грамадскай актыўнасцю.
У сваёй заяве Рух салідарнасці «Разам» звяртае ўвагу, што «напярэдадні 101-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі ўзбуджэнне шэрагу крымінальных справаў супраць актывістаў беларускай апазыцыі, дзікунская рэакцыя ўладаў на пікет з патрабаваннем вызвалення палітвязняў 26-га лютага, калі ўдзельнікаў акцыі 72 гадзіны трымалі да суда за кратамі, а аднаго з лідараў БХД Паўла Севярынца асудзілі да 10 сутак за заклік у фэйсбуку, новыя лукашысцкія стандарты пры правядзенні вулічных акцый, якія фактычна іх забараняюць, — вельмі трывожныя сімптомы.
Ніхто не ведае, аб чым дамовіліся А. Лукашэнка і У. Пуцін у Сочы. Таму «зачыстка» беларускіх нацыяналістаў і менскай «вуліцы» — ускоснае сведчанне расейскай экспансіі на Беларусі. Супрацьстаяць палітычным рэпрэсіям можна толькі салідарнымі дзеяннямі».
Суд адбудзецца 22 сакавіка ў Мар’інай Горцы. Адамовічу пагражаюць выпраўленчыя працы на тэрмін да двух гадоў, альбо арышт, альбо абмежаванне свабоды на тэрмін да чатырох гадоў, альбо пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін.