У Мінску ўшанавалі памяць палітвязня Сяргея Ханжанкова (фота, відэа)
Рух салідарнасці «Разам» у дзень народзінаў палітвязня 1960 – 70-х гадоў Сяргея Ханжанкова, 13 сакавіка, зладзіў імпрэзу памяці. Быў уручаны медаль яго імя, якім з 2017 года ўзнагароджваецца гераічны грамадзянскі ўчынак.
Сёлета ўзнагароду атрымаў святар Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Вікенцій. Удзельнікаў вечарыны павітаў Мікола Станкевіч. Для прысутных выступіў бард Зміцер Захарэвіч. Падчас імпрэзы паплечнікі Сяргея Ханжанкова дзяліліся ўспамінамі пра яго.
13 сакавіка Сяргею Мікалаевічу Ханжанкову споўнілася б 77 гадоў. Ён найбольш вядомы сваім намерам падарваць вежу-“глушылку” замежных аўдыахваляў каля касцёла Святога Роха ў Мінску. Быў выкрыты праз здраду паплечнікаў і ў 1962-м, ва ўзросце 20 гадоў, атрымаў 10 год зняволення. Увесь тэрмін, “ад званка да званка”, адбыў у лагеры ў Мардовіі, адмовіўшыся напісаць прашэнне аб памілаванні, хаця мог бы вызваліцца на два гады раней.
На думку старшыні руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка, тое, што Сяргей Ханжанкоў збіраўся падарваць вежу – не галоўнае: “Больш істотна, што ён быў перакананым антыкамуністам і нармалёвым грамадзянінам”. Не прасіў аб памілаванні, не прамяняў уласныя перакананні на два гады дабрабыту. Сяргей Ханжанкоў – адзін з заснавальнікаў руху салідарнасці “Разам”, часта браў удзел у акцыях. “Мы вельмі недаацанілі Сяргея Мікалаевіча пры жыцці і павінны памятаць, што Беларусь мае палітвязня, вядомага ў свеце”, – казаў Вячаслаў Сіўчык.
Удава палітвязня Алена Скам’янава распавяла пра гісторыю сям’і Сяргея Мікалаевіча. Яго дзед-эсэр з пісталетам агітаваў супраць калхозаў (спадарыня Алена настойвае менавіта на такім напісанні слова). За гэта тры гады адсядзеў, але вярнуўся дамоў. У 1935-м, пасля забойства Кірава, яго зноў узялі, ні за што, і больш ужо ён не вярнуўся. Бацька Сяргея Ханжанкова ў 1935-м трапіў на Калыму “за рэлігійную прапаганду”. Па словах Алены Скам’янавай, “ён цудам выжыў і ажаніўся з дачкой цудам выжыўшага… А потым цудам стала нараджэнне сына, ён быў трэцім, папярэднія два дзіцяці памерлі”. Бацька Сяргея Мікалаевіча вызваліўся ў 1940-м, але сям’я з'ехала з Калымы толькі ў 1955-м годзе, ужо пасля смерці Сталіна. Сяргей Ханжанкоў узгадваў, што на Калыме панаваў вольны дух. Жылі ў холадзе, але не галадалі. А ў Беларусі людзі выжывалі пасля вайны. Алена Скам’янава кажа пра мужа: “Інтэлігентнасць была ў ім і аскетызм, хаця вырас у даволі заможнай сям'і”.
«Савецкі тэрарыст» Сяргей Ханжанкоў
Для здзяйснення сваёй ідэалагічнай дыверсіі Сяргей Ханжанкоў збіраў каманду ў Мінску, але сапраўдных аднадумцаў знайшоў толькі ў лагеры. З некаторымі да канца жыцця падтрымліваў сувязь. Па словах гісторыка Ігара Кузняцова, Ханжанкоў у лагеры не ахамеў, не азлобіўся. На пытанні “Вы ненавідзеце савецкую ўладу? Вы ненавідзеце даносчыкаў, якія Вас “здалі”? Вы ненавідзеце тое, што з вамі адбылося?” Сяргей Ханжанкоў адказваў “Не”. Затое казаў, што аднадумцам трэба быць разам. Сам быў чалавекам непублічным. “Публічных палітыкаў у нас хапае, а такіх, хто натхняў бы сваім маўклівым прыкладам, – мала” – казаў Ігар Кузняцоў.На пахаванні Сяргея Ханжанкова 16 сакавіка 2016 года кіраўніцтва Руха салідарнасці "Разам" узяло на сябе абавязкі па ўшанаванню яго памяці. Штогод медалём імя Сяргея Ханжанкова ўзнагароджваецца гераічны грамадзянскі ўчынак дзеля свабоды і незалежнасці Беларусі. Медаль уручаецца 13 сакавіка, у дзень народзінаў палітвязня. Узнагароду вырабляе скульптар Генік Лойка. Медаль аздоблены партрэтам Ханжанкова, выявай калючага дроту і надпісам "Ня бойся!".
Фота Алены Ляшкевіч
Медалём імя Сяргея Ханжанкова сёлета ўзнагароджаны святар Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Вікенцій (Віктар Кавалькоў). Ён у 2018 годзе трапіў за краты за спробу рэалізаваць сваё права адсвяткаваць Дзень Волі публічна на плошчы. У той дзень ён бясстрашна выйшаў у цэнтр Мінска з праваслаўнай харугвай на несанкцыяваную ўладамі акцыю і неўзабаве быў схоплены. Па словах мастака Генадзя Драздова, які прадставіў лаўрэата, заслуга айца Вікенція ў тым, што ён заўсёды з народам: на акцыях, у Курапатах. Для ўдзельнікаў гэта вялікая падтрымка. Вячаслаў Сіўчык дадаў: “Проста нават быць святаром царквы, якую па палітычных матывах сённяшняя ўлада баіцца рэгістраваць, – ужо геройства”.
На Курапацкай варце. Фота Алены Ляшкевіч
Атрымаўшы медаль, айцец Вікенцій сцісла распавёў пра сябе. Паходзіць з сям'і старавераў у Веткаўскім раёне. У іх вёсцы працавала царква, куды з усёй ваколіцы вернікі з'язджаліся на Вялікдзень. Адбітак веры пранёс праз усё жыццё, хаця былі розныя перыяды, пабыў нават камсамольцам.
Акцыя супраць рэстарана "Поедем, поедим" у Курапатах 9 верасня 2019 г. Фота Арцёма Лявы
Рух салідарнасці "Разам" таксама абвясціў падзякі Паўлу Севярынцу і Змітру Дашкевічу за абарону Курапатаў.
Фота Арцёма Лявы
Медаль імя Ханжанкова ў 2017 годзе атрымаў Сяргей Пальчэўскі за тое, што прыкаваў сябе кайданкамі да будаўнічага цяжкавіка, які ехаў на будоўлю ў Курапаты. Фактычна гэтым учынкам быў вырашаны лёс абароны Курапатаў-2017. У 2018-м медалём была ўзнагароджана Ніна Багінская. Жанчына цэлы тыдзень пасля разгону Дня Волі, калі былі за кратамі фігуранты справы Белага легіёну, з плакатам "Свабоду народу!" выходзіла да будынка КДБ. Штодня яе затрымлівалі, падоўгу трымалі ў пастарунку, адпускалі часта ў сярэдзіне ночы. Спадарыня Ніна ішла дамоў праз увесь горад пешкі, спявала песні і думала, які плакат намалюе на замену канфіскаванаму.
Алена Скам’янава захоўвае карэспандэнцыю Сяргея Ханжанкова: і лісты, яму адрасаваныя, і тыя, што ён пісаў, а іншыя збераглі. Магчыма, у перспектыве атрымаецца іх выдаць.