Распранулі да майткоў і шукалі экстрэмісцкую літаратуру. Мікалая Дзядка зноў затрымалі на мяжы
Ноччу з 12 на 13 сакавіка актывіста знялі з цягніка Варшава-Брэст, дзе ён мусіў перасаджвацца на Мінск. Пра гэта Мікалай Дзядок распавёў «Вясне». Пратрымалі яго прыкладна да трох гадзін ночы.
«Гэта было супердоўга. Таму што яны паднялі намесніка начальніка брэсцкай мытні Сазонава, які складаў дазвол на тое, каб зрабіць у адносінах мяне асабісты дагляд, і гэты дазвол у пісьмовым выглядзе дастаўлялі на пункт пропуску. І толькі чаканне гэтага заняло хвілін 40».
Копію дазволу актывісту не далі, хоць ён патрабаваў. Сфатаграфаваць копію таксама не далі, растлумачыўшы, што гэта «ведамасны дакумент».
Пры асабістым даглядзе ў актывіста праверылі заплечнік, а затым распранулі да майткоў. Пры гэтым супрацоўнікі пыталіся пра экстрэмісцкую літаратуру.
Таксама актывіста здзівіла рэакцыя адной з памежніц, якая адзначыла: «Я служу сваёй радзіме і гатовая выканаць любы загад. Калі мне скажуць вас забіць, я вас заб'ю без ваганняў».
Гэта далёка не першы раз, калі Мікалая Дзядка здымалі з мяжы.
«Апошні раз здымалі 22 чэрвеня 2019 года з аўтобуса Вільня—Мінск, — узгадаў актывіст. — Але тады пра экстрэмісцкую літаратуру не пыталі. То-бок, гэта ніяк не ўгадаеш, я не разумею схему: бывае, нічога не пытаюцца, проста даглядаюць моўчкі і ўсё».
«Але ў гэты раз [уначы з 12 на 13 сакавіка. — Заўв. рэд.] было ўсё суперафіцыйна, — адзначыў Мікалай Дзядок. — Мытнік паклікаў панятых, уключыў відэарэгістратар, задаў усе пытанні, якія патрэбны па форме, стварыў два акты: акт асабістага дагляду і акт дагляду рэчаў».