Распаўсюднікаў расійскіх сцяжкоў здалі ў міліцыю

Яўген Анішчанка, актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД, выклікаў нарад міліцыі на станцыю Хорабрава, калі заўважыў двух распаўсюднікаў з расійскімі трыкалорамі.



raspausiudnik.jpg

Сцяжкі, як высветлілася, распаўсюджвалі жыхары Барысава, — кажа Яўген Анішчанка:
«Распаўсюднікі з'явіліся, калі цягнік з Мінску пад’яжджаў да Воршы, у раёне апошняй перад горадам станцыі Хорабрава. Мы выклікалі міліцыю, і міліцыянты спрацавалі хутка: распаўсюднікаў затрымалі, на іх склалі пратакол за несанкцыянаваны гандаль.
Высветлілі асобы затрыманых, імі аказаліся двое жыхароў Барысава, Максім Ц. 1989 году нараджэння, і Павал Ж., 1977 году нараджэння. Абодва глуханямыя. Адзін з іх здолеў патлумачыць, што сцяжкі ім прывозяць з Расіі бясплатна, а ў Беларусі яны іх прадаюць за грошы, каб атрымаць прыбытак».
Яўген Анішчанка раіць усім скарыстацца ягоным прыкладам: здаваць нелегальных гандляроў у міліцыю, бо за гандаль у неналежным месцы прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Актывіст хоча трапіць і на суд над нелегельнымі гандлярамі расійскай сімволікай.
Аднак такая тактыка спрацоўвае не заўсёды: у траўні гэтага году віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, заўважыўшы распаўсюднікаў расійскіх сьцяжкоў, таксама звяртаўся ў міліцыю. Пакуль Левінаў пераконваў дзяжурных на тэлефоне, што на ягоных вачах чыніцца правапарушэнне, распаўсюднікі — хлопец і дзяўчына — бесперашкодна зніклі.
svaboda.org