«Расія страціць Беларусь, калі наша грамадства пазбавіцца ілюзій»

Чаму ў Беларусі не будзе залатога помніка Пуціну, калі Беларусь вырвецца з-пад уплыву «саюзнага суседа» і як гэтаму будзе спрыяць палітыка самой Расіі, разважае Павел Сяроў у «Салідарнасці».

putin06.jpg


Скандал вакол блакавання сайта «Камсамольскай праўды ў Беларусі» і затрымання журналіста Генадзя Мажэйкі красамоўна прадэманстраваў, што ў беларускім грамадстве не згасаюць надзеі на Крэмль у частцы аднаўлення ў нашай краіне міру і справядлівасці.

У першыя дні скандалу ледзь не самай цытуемай стала заява прэс-сакратара прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Пяскова, які назваў блакаванне сайта kp.by парушэннем свабоды слова («Мы катэгарычна не згодныя з гэтым. Мы лічым, што, безумоўна, гэта ідзе ў парушэнне прынцыпу свабоды СМІ»).

Адзначыўся заявай і галоўрэд «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў: «”Камсамольская праўда” — любімая газета Пуціна, таму я думаю, што рэакцыя будзе».

Дзіўна, як гэтыя выказванні спарадзілі не толькі надзею, а нават ледзь не ўпэўненасць, што Крэмль умяшаецца ў сітуацыю для аднаўлення законнасці і справядлівасці. Хоць сваімі рэальнымі дзеяннямі кіраўніцтва Расіі раз за разам даказвае, што яму на гэта пляваць.

Летась у Маскве шмат чаго казалі пасля арышту Віктара Бабарыкі і ўзнікнення справы «Белгазпрамбанка». А згаданы Пяскоў назваў налёт Мікалая Карпянкова з падначаленым на кавярню ў Мінску «хуліганскай выхадкай».

І што ж? Бабарыка атрымаў 14 гадоў, а Карпянкоў быў павышаны да намесніка кіраўніка МУС, адкуль цяпер пагражае, што сілавікі будуць страляць, калі пасля пранікнення ў жыллё не ўбачаць паднятых рук.

Калі публічныя заявы з Крамля і служаць нейкай мэце, то хутчэй абяленню свайго вобразу ў вачах беларусаў і расіян, а ніяк не нармалізацыі сітуацыі ў нашай краіне.

На словы Венядзіктава, што Пуцін неяк адрэагуе на сітуацыю з «любімай газетай», напрошваецца даволі відавочны адказ: хацеў бы — ужо адрэагаваў бы. Праблема ж не была новай: «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» ўжо год як нельга распаўсюджвацца праз «Белсаюздрук» і «Белпошту».

І з чаго б Крамлю абараняць свабоду слова ў Беларусі, калі ў Расіі ад яе ўжо амаль нічога не засталося? Зачыстка медыйнага поля там працягваецца, а аўтара антыкарупцыйных расследаванняў Аляксея Навальнага спачатку атруцілі, а калі ён выжыў — схавалі за краты.

Пакуль на Маскву час ад часу ў беларускім грамадстве ўскладаюць нейкія надзеі, рэальныя дзеянні Крамля носяць зусім іншы характар. На просьбу Лукашэнкі Пуцін летась сфармаваў рэзерв з падраздзяленняў Расгвардыі і гатовы быў кінуць іх у бой супраць беларусаў. З тых часоў ён паслядоўна падтрымлівае існуючы рэжым.

Беларускае грамадства пазбавілася ілюзій наконт сутнасці рэжыму Лукашэнкі, але працягвае часткова жыць у ілюзіях наконт палітыкі Крамля.

Магчыма, у жніўні 2020 года хапіла б усяго некалькі слоў адтуль, каб чыноўнікі і сілавікі ў Беларусі перасталі супраціўляцца мірным дэмакратычным пераменам. У Мінску ўжо стаяў бы залаты помнік Пуціну, а ўдзячная краіна назаўжды засталася б у палітычнай арбіце Расіі.

З іншага боку, гэта дае некаторы шанец на будучыню Беларусі як нармальнай еўрапейскай краіны. Толькі за апошняе дзесяцігоддзе з-за сваёй палітыкі пуцінскі рэжым канчаткова страцў Грузію і зрабіў з Украіны варожую дзяржаву. Страціць Расія і Беларусь, калі наша грамадства пазбавіцца ілюзій і паўстане новы гістарычны шанец.