Раман Пратасевіч сёння сведчыць па справе «захопу ўлады»: «Маршы і шэсці ўжо праваліліся»
Суд па справе «захопу ўлады» працягнуўся і сёння. На працэс выклікалі Рамана Пратасевіча, каб дапытаць у якасці сведкі.
Сёння, 11 жніўня, працягваецца судовы працэс па справе «захопу ўлады». Рамана Пратасевіча дапытваюць у якасці сведкі.
«Мне Шчыгельскі паведаміў, што ёсць варыянт сілавога звяржэння ўлады ў Беларусі і запрасіў да ўдзелу ў зум-канферэнцыі», — сказаў Пратасевіч у судзе.
Праўладныя СМІ распавялі пра тое, што казаў Пратасевіч. Ён пацвердзіў, што знаёмы з Юрасём Зянковічам і Рыгорам Кастусёвым. Паводле яго слоў, ён пазнаёміўся з Зянковічам у 2017 ці 2018 гадах — іх пазнаёміў Дзмітрый Шчыгельскі, знаёмства адбылося ў Мінску. Што да Шчыгельскага, то з ім Пратасевіч пазнаёміўся прыкладна ў 2015 годзе ва Украіне.
Пратасевіч сказаў, нібыта, што Шчыгельскі быў перадатачным звяном паміж змоўшчыкамі і штабам Святланы Ціханоўскай. «Калі штаб Ціханоўскай збіраецца ўдзельнічаць у сцэнары перавароту, то павінен знайсці фінансаванне. У першую чаргу — для вайскоўцаў удзельнікаў змовы», — заявіў Пратасевіч.
Але пасля, з яго ж словаў, высветлілася, што Ціханоўская ўдзельнічаць не захацела. «Ступень удзелу Ціханоўскай вызначалася грашыма», — сказаў Пратасевіч.
Але грошай ці то не было, ці даць іх пад гэты праект не захацелі.
«У самога штаба Ціханоўскай грошай не было, таму я паспрабаваў прагаварыць з уладальнікам фонду BYS*L Андрэем Стрыжаком. Але ён сказаў, што такія вялікія грошы знайсці не атрымаецца. Сказаў, што толькі можа дапамагчы з эвакуацыяй сем'яў вайскоўцаў», — распавёў Пратасевіч і ўдакладніў, што гэтую інфармацыю давёў да Зянковіча. Пратасевіч таксама паведаміў, што планавалася эвакуацыя каля 10-20 сем'яў вайскоўцаў.
Пратасевіч падкрэсліў, што «змоўшчыкі» бачылі адзін варыянт звяржэння ўлады — «сілавы з удзелам вайскоўцаў»: «Ніякім іншым спосабам уладу нельга было змяніць. Маршы і шэсці ўжо праваліліся».