Прысуд блогерцы Вользе Такарчук агучаць 20 снежня
Пракурор запрасіў для яе 1,5 года калоніі агульнага рэжыму, перадае «Радыё Свабода».
17 снежня ў Заводскім судзе Мінска адбыліся спрэчкі бакоў у працэсе над 36-гадовай блогеркай, палітзняволенай Вольгай Такарчук. Яе вінавацяць адразу паводле трох артыкулаў.
Прысуд маюць агучыць 20 снежня. Блогерку затрымалі сёлета 19 траўня.
Як раней паведаміў Следчы камітэт, Вольгу Такарчук вінавацяць паводле трох артыкулаў:
- «Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі);
- «Паклёп» (арт. 188 КК);
- «Абраза суддзі» (ч. 1 арт. 391 КК).
Паводле Следчага камітэта, Такарчук брала ўдзел у пратэсных маршах у Мінску 30 жніўня, 20 верасня і 1 лістапада 2020 года. Яна нібыта «знаходзілася ў першых шэрагах», «блакавала рух транспарту», «выкрыквала лозунгі». Блогерку вінавацяць таксама ў тым, што 14 студзеня 2021 года яна апублікавала на Youtube відэа, якое «не адпавядае рэчаіснасці» і «ганьбіць сацыяльнага педагога адной з гімназій у Брэсцкай вобласці».
Таксама Вользе закідаюць відэаролік нібыта з «абразамі суддзі Першамайскага раёна Мінска» і «ненарматыўнай лексікай». У снежні 2020 года Вольгу Такарчук аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у мітынгу. Гэтым фактам яна і абуралася ў сваім відэа. Раней яе таксама судзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах.
Вольга Такарчук — блогер, дызайнер, маці дваіх малых дзяцей (3 і 7 гадоў).
Паводле следства, удзень 30 жніўня 2020 года абвінавачаная брала ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ў Мінску, «доўга і ўпарта парушала грамадскі спакой, а пры знаходжанні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства ўзяла ўдзел у блакаванні шляхоў транспартных камунікацый». Таксама яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях 20 верасня і 1 лістапада 2020 года.