Прэс-сакратара А1, героя мема пра «памідоры са смятанай» і Таццяну Батура прызналі палітвязнямі
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ трох чалавек. Агульная іх колькасць павялічылася да 970.
Новыя палітвязні — гэта прэс-сакратар кампаніі А1 Мікалай
Брэдзелеў, аўтар мема пра любоў да памідораў са смятанай Анатоль Шалковіч, а
таксама Таццяна Батура. Яе затрымалі 15 лістапада ў Мінгарсудзе, калі яна
хацела трапіць на суд над палітзняволенай Вольгай Залатар.
Праваабаронцы
патрабуюць вызваліць згаданых палітвязняў, спыніць рэпрэсіі супраць іншадумцаў
і ўдзельнікаў мірных сходаў, вызваліць усіх адміністрацыйна арыштаваных за
рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод. Таксама яны заклікаюць
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі
супраць грамадзянаў краіны.
Пад заявай
падпісаліся праваабарончы цэнтр «Вясна», Прававая ініцыятыва,
Lawtrend, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў,
Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Паводле «Еўрарадыё».