«Праваслаўныя атэісты» — у сваім амплуа. Лукашэнка зачысціць і рэлігійную «крамолу»
Новы закон аб рэлігійных арганізацыях робіць больш жорсткімі ўмовы легальнага існавання цэркваў — пры тым што і ранейшы варыянт закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» крытыкі называлі рэпрэсіўным і дыскрымінацыйным.
На працягу года рэлігійныя арганізацыі ў Беларусі павінны будуць прайсці перарэгістрацыю. Гэтага патрабуе закон, падпісаны 3 студзеня Лукашэнкам, піша аналітык Аляксандр Класкоўскі ў «Позірку». Летась улады такім жа чынам, пераліцаваўшы закон, правялі перарэгістрацыю палітычных партый, якая ператварылася ў іх бязлітасную зачыстку. З 15 партый пакінулі толькі тры, да іх дадалася праўладная «Белая Русь», усе апазіцыйныя структуры ліквідавалі. Цяпер апазіцыі ў Беларусі ў легальным полі не засталося нават у гомеапатычных дозах.
Каб не рыпаліся супраць улады
Можна меркаваць, што перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый пройдзе ў падобным суровым духу. Планка патрабаванняў паднята. Напрыклад, павялічана колькасць рэлігійных суполак, неабходных для стварэння рэспубліканскага аб'яднання. Пры гэтым хоць бы адна з іх павінна дзейнічаць не менш за 30 гадоў.
На думку экспертаў, многія арганізацыі перарэгістрацыю не пройдуць. У прыватнасці, такі прагноз дае ініцыятыва «Хрысціянская візія». За дзейнасць жа без рэгістрацыі пагражае крымінальная адказнасць.
Дый тыя арганізацыі, што пройдуць рэгістрацыю, апынуцца пад жорсткім кантролем. Лейтматыў новага закона: не смейце лезці ў палітыку, ісці насуперак лініі ўлад. Забараняецца «выкарыстанне ў месцах набажэнстваў любой сімволікі, акрамя рэлігійнай». Рэлігійным арганізацыям забаронена займацца дзейнасцю, накіраванай» супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды», ды і наогул палітычнай дзейнасцю.
Рэлігійныя адукацыя і літаратура павінны адпавядаць ідэалогіі беларускай дзяржавы. Што дзіўнавата па дзвюх прычынах. Па-першае, ніхто толкам не ведае, у чым заключаецца гэтая ідэалогія, сам Лукашэнка прызнаваў, што яе, па сутнасці, так і не стварылі. Па-другое, дзяржава ж у нас свецкая.
Прыстукнуць жа рэлігійную арганізацыю можна будзе ў адзін момант. Напрыклад, на той падставе, што яе дзейнасць не адпавядае «асноўным напрамкам унутранай і знешняй палітыкі» рэжыму. Гэта значыць адно «крамольнае» слова ў пропаведзі — і пішы прапала. Так што хай святары і прыхаджане фільтруюць базар.
«Спыніцеся! Вы робіце не па Евангеллі!»
У свой час Лукашэнка, які неяк назваў сябе «праваслаўным атэістам», спрабаваў падлашчвацца да царквы, асабліва праваслаўнай, хацеў зрабіць праваслаўе адной з апор той самай дзяржаўнай ідэалогіі, з якой у выніку атрымаўся пшык. Дагэтуль заканадаўства ставіць Беларускую праваслаўную царкву ў прывілеяванае становішча.
Але ў кантэксце пратэстаў 2020 года супраць няправедных дзеянняў рэжыму паўсталі і праваслаўныя, і каталікі (уключаючы іерархаў), і прадстаўнікі іншых канфесій.
У дні пратэстаў з крытыкай гвалту, які рабіўся ўладамі, выступіў тагачасны кіраўнік беларускіх каталікоў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (праз нейкі час яго адмовяцца ўпускаць у краіну з паездкі ў Польшчу, гэта прыніжэнне будзе доўжыцца некалькі месяцаў).
Кіраўнік праваслаўнай Гродзенскай епархіі архіепіскап Арцемій (Кішчанка), відавочна маючы на ўвазе рэжым і яго сілавікоў, заявіў падчас пропаведзі: «Мы кажам, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі ператварыліся ў звяроў і раздзіраюць сваіх жа братоў <...> і вам не будзе прабачэння! І справа ваша ніколі не ўстоіць!» 13 жніўня ў цэнтры Мінска хрысціяне розных канфесій правялі сумесную малітву аб спыненні гвалту. І нават тагачасны асцярожны Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел (Панамарэнка) звярнуўся да Лукашэнкі з заклікам «спыніць гвалт», наведаў у шпіталі пацярпелых на пратэстах.
На праўладным мітынгу ў Гродне 22 жніўня 2020 года абураны кіраўнік заявіў: «Мяне здзіўляе пазіцыя нашых канфесій. Дарагія мае святары, пасталейце і займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца! Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі».
Хоць тыя словы асуджэння ў адрас рэжыму, што гучалі з вуснаў святароў, іерархаў, нельга назваць палітыканствам — гэта была проста маральная пазіцыя. Яны не маглі маўчаць. «Спыніцеся! Вы робіце не па Евангеллі!» — заклікаў той жа архіепіскап Арцемій.
Рэха 2020 года: помста, рэпрэсіі, закручванне гаек
Падзеі 2020 года моцна ўразілі Лукашэнку, нанеслі яму цяжкую псіхалагічную траўму. А яго псіхатып такі, што гэта вылілася ў помсту, рэпрэсіі, закручванне гаек ва ўсіх сферах, уключаючы рэлігійную.
З Беларусі хуценька прыбралі мітрапаліта Паўла, замяніўшы звышлаяльным і кансерватыўным Веніямінам (Тупека), які заняўся чысткамі ў Экзархаце. Быў вымушаны сысці ў адстаўку арцыбіскуп Кандрусевіч. Адправілі на супакой мяцежнага арцыбіскупа Арцемія. У каталікоў адабралі сталічны Чырвоны касцёл.
Многія вернікі сталі палітвязнямі, трапілі ў «спіс экстрэмістаў». Улады пачалі пераследаваць, штрафаваць, саджаць за краты і святароў, якіх раней стараліся не чапаць.
Адсюль і драконаўскія папраўкі ў заканадаўстве. Звышзадача — трымаць усе слаі грамадства, уключаючы вернікаў, служыцеляў культу, у страху і пакоры.
У святле новага закона эксперты прадракаюць вялікія непрыемнасці, у прыватнасці, пратэстантам. У рэжыму на іх даўно зуб за іх свавольнасць. Між тым колькасць пратэстанцкіх суполак у краіне рэзка вырасла, яны ў гэтым плане ўжо абагналі каталікоў.
Шматгадовая барацьба ўлад супраць мінскай пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» ў кастрычніку мінулага года скончылася яе ліквідацыяй. Перад гэтым, у чэрвені, улады разбурылі будынак царквы, у свой час перароблены прыхаджанамі з былога кароўніка. Чыста бальшавіцкі стыль.
Новы закон развязвае чыноўнікам рукі для яшчэ больш бязлітаснай праполкі рэлігійнага поля. Ганенні на цэрквы, вернікаў, чыя грамадзянская пазіцыя ўладам супраць поўсці — частка курсу на таталітарызацыю рэжыму, выпальванне любой крамолы. «Праваслаўныя атэісты» — у сваім амплуа.