Рэстаўрацыя неўзабаве? З дзвярэй Чырвонага касцёла знік дакумент аб апячатванні
Апошнія 15 месяцаў дзверы Чырвонага касцёла ў Мінску былі апячатаны — мінчане і турысты прывыклі бачыць цэнтральны ўваход у храм з прылепленай паперай і пячаткамі адміністрацыі Маскоўскага раёна.
Нагадаем, касцёл быў апячатаны 26 верасня 2022 года пасля пажару пры дзіўных абставінах. І вось у пачатку студзеня на свежых здымках, якія турысты апублікавалі ў сацсетках, Katolik.life заўважыў, што дакумента аб апячатванні на дзвярах больш няма. Як мінімум да 25 снежня, на Божае Нараджэнне, ён яшчэ быў.
Не, храм, на жаль, не адкрылі, але, магчыма, туды пусцілі рабочых для правядзення намечаных уладай рамонтных работ? Было заяўлена, што пачатак будаўнічых работ па праекце рэканструкцыі плануецца ў першым квартале 2024 года, які ўжо пачаўся.
Аднак у каталіцкай парафіі святога Сымона і святой Алены адказалі, што пакуль не заўважылі якіх-небудзь работ у храме. Па звестках вернікаў, праектна-каштарысная дакументацыя яшчэ праходзіць узгадненні і працы могуць пачацца не раней за вясну. Напярэдадні вернікі прасілі дапусціць іх да прац па рэканструкцыі.
Мінскі гарвыканкам і адміністрацыя Маскоўскага раёна пакуль нічога не паведамлялі на гэты конт. Што ж з пячаткай на дзвярах? Магчыма, хтосьці яе сарваў альбо гэта зрабілі самі ўлады па нейкай прычыне.
Нагадаем, уначы 26 верасня 2022 года ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску здарыўся пажар. Прычынай нібыта стала ўзгаранне электраправодкі, паведаміла МНС Беларусі. У той самы дзень адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска заявіла аб часовым прыпыненні працы касцёла «да ліквідацыі ўсіх недахопаў і вынясення заключэнняў кампетэнтнымі спецыялістамі».
6 кастрычніка стала вядома, што ўлады скасоўваюць дамову бязвыплатнага карыстання касцёлам з супольнасцю «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены». На імя ксяндза-пробашча Уладзіслава Завальнюка прыйшоў афіцыйны ліст з патрабаваннем вызваліць касцёл і плябанію (суседні са святыняй будынак, у якім жывуць святары) да 12 кастрычніка з прычыны «немагчымасці яго эксплуатацыі».