Новы закон Лукашэнкі працягвае рэпрэсіўную палітыку ў адносінах да рэлігійнай дзейнасці

Лукашэнка падпісаў новы закон аб дзейнасці рэлігійных арганізацый. Ён узмацняе адміністрацыйны кантроль за рэлігійнымі арганізацыямі і пашырае магчымасці для рэжыму адмаўляць ім у рэгістрацыі, ліквідаваць іх. Што яшчэ змянілася?
»«

Біскуп Юры Касабуцкі. Фота Паўла Хадзінскага

Біскуп Юры Касабуцкі. Фота Паўла Хадзінскага

«Хрысціянская візія» падрыхтавала аналіз новага законапраекта аб свабодзе рэлігіі і рэлігійных арганізацыях, адзначаючы асноўныя праблемныя аспекты закона, яго рэпрэсіўны характар і неадпаведнасць міжнародна-прававым абавязацельствам Рэспублікі Беларусь і стандартам правоў чалавека.

29 лістапада 2023 года ў другім чытанні ў Палаце прадстаўнікоў быў прыняты закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Цяпер гэты закон уступіць у сілу, і рэлігійныя арганізацыі чакае працаёмкі працэс перарэгістрацыі, які многія з арганізацый не пройдуць.

Лукашэнка, выступаючы ў Гродне 22 жніўня 2020 года, у разгар мірных масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў, прыгразіў рэлігійным арганізацыям:

«Мяне здзіўляе пазіцыя нашых канфесій. Дарагія мае святары, супакойцеся і займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца! Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі. Туды людзі душой павінны прыходзіць, як гэта было заўжды. Не ідзіце на повадзе ў адшчапенцаў. Вам будзе сорамна і ганебна за тое, якую вы, некаторыя, пазіцыю займаеце зараз. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе».

Глядзіце таксама

У гэтых словах была закладзена праграма, як яна называецца ў «Абгрунтаванні» да новага законапраекта, «удасканалення» рэлігійнай палітыкі рэжыму ў сферы дзейнасці рэлігійных арганізацый — прывядзенне іх дзейнасці да адной роўніцы, лаяльнасці да рэжыму праз цэлы комплекс мер кантролю і рэпрэсій, вянком якога стала распрацоўка новага закона, што вядзе да перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый.

Адзінай пазітыўнай зменай стала ўвядзенне паняцця «сацыяльная дзейнасць» (арт. 29), якое дазволіць рэлігійным арганізацыям ствараць «юрыдычныя асобы і структурныя падраздзяленні па аказанні сацыяльных паслуг пажылым грамадзянам, інвалідам, іншым катэгорыям грамадзян, сацыяльнай рэабілітацыі грамадзян, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію ці таксікаманію», пры гэтым у артыкуле 29 незразумела адрозненне дабрачыннай і сацыяльнай дзейнасці рэлігійных арганізацый: ці розныя гэта віды дзейнасці, і калі так, то чаму дзяржава можа аказваць падтрымку дабрачыннай дзейнасці рэлігійных арганізацый, але не сацыяльнай. 

Таксама выклікае пытанне, чаму дзіцячыя дамы могуць стварацца толькі ў выглядзе рэлігійнай арганізацыі як «манастыр» (арт. 29), характэрнай толькі для некаторых канфесій, якая выключае іншыя, такім чынам, носіць дыскрымінацыйны характар.

Удзел рэлігійных арганізацый у іншых сферах жыцця грамадства і дзяржавы абмяжоўваецца, многія віды дзейнасці неапраўдана забараняюцца.

Прынцып, заяўлены рэжымам «цэрквы, касцёлы — не для палітыкі; туды людзі душой павінны прыходзіць, як гэта было заўсёды», знайшоў сваё выражэнне ў новай рэдакцыі закона, бо рэлігійным арганізацыям наўпрост хочуць забараніць удзельнічаць у палітычнай дзейнасці (арт. 8, пар. 7), хаця ў папярэдняй версіі закона забараняўся толькі ўдзел у дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць палітычныя мэты.

Таксама цяпер забараняецца дзейнасць, якая не адпавядае ідэалогіі і палітыцы рэжыму — у тым ліку супраць «асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь», накіраваная «на дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», гэта значыць ад рэлігійных арганізацый патрабуецца высокі ўзровень лаяльнасці да дзеючага рэжыму.

Асноўныя абмежаванні

Галоўнай праблемай рэалізацыі права на свабоду рэлігіі застаецца, па-першае, патрабаванне абавязковай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый, пры наяўнасці крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый (арт. КК 193-1); аднак цяпер для рэгістрацыі прадугледжваюцца яшчэ больш жорсткія абмежаванні і ўмовы, больш за тое, пасля прыняцця названага закона прадугледжана абавязковая перарэгістрацыя ўсіх рэлігійных арганізацый, ужо зарэгістраваных да яго прыняцця, увядзенне больш жорсткіх абмежаванняў і ўмоў для рэгістрацыі.

Параграф 3 ст. 15 наўпрост забараняе ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці без стварэння і дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі. У студзені 2022 года ў Крымінальны Кодэкс Рэспублікі Беларусь быў зноў уведзены артыкул 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і ўстанаўлівае санкцыю ў выглядзе штрафу або пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў. Індывідуальная незарэгістраваная рэлігійная дзейнасць, не звязаная з дзейнасцю арганізацыі, пакуль не крыміналізавана.

Па-другое, пашыраецца спіс падстаў для ліквідацыі рэлігійных арганізацый — гэта ў тым ліку дзейнасць, якая супярэчыць знешняй і ўнутранай палітыцы Рэспублікі Беларусь, а таксама дзейнасць, накіраваная на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці, якая тлумачыцца вельмі шырока і часта выкарыстоўваецца як абвінавачанне супраць апанентаў рэжыму. 

Па-трэцяе, законапраект прадугледжвае ўзмацненне маніторынгу і нагляду за рэлігійнымі арганізацыямі, гэта датычыцца дзейнасці арганізацыі ў цэлым, а асабліва за рэлігійнай асветай і рэлігійнай літаратурай. 

Што да рэлігійнай асветы ў нядзельных школах, то яе будуць правяраць у тым ліку і на прадмет ідэалагічнай адпаведнасці адукацыйных праграм ідэалогіі беларускай дзяржавы, на рэлігійныя арганізацыі ўскладаецца абавязак прадастаўляць у мясцовыя выканаўчыя органы ўлады звесткі аб дзейнасці нядзельных школ (арт. 10).

Значным абмежаванням падвяргаецца місіянерская дзейнасць (арт. 26) — яна можа весціся толькі ад імя зарэгістраваных рэлігійных арганізацый на тэрыторыі, якая належыць дадзенай рэлігійнай арганізацыі, пры гэтым абмяжоўваецца кола асоб, якія такую дзейнасць могуць ажыццяўляць: гэта альбо кіраўнік рэлігійнай арганізацыі, альбо член яе органа кіравання, адьбо святар. Што да іншых грамадзян — у іх павінна быць наяўнасць дакумента, выдадзенага кіруючым органам, які пацвярджае паўнамоцтвы на ажыццяўленне місіянерскай дзейнасці, пры гэтым замежныя асобы і асобы без грамадзянства могуць весці такую дзейнасць толькі пры наяўнасці права займацца рэлігійнай дзейнасцю.

Такім чынам, новы закон Лукашэнкі, скіраваны на рэгуляванне рэлігійнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, мае рэпрэсіўны і дыскрымінацыйны характар, не адпавядае міжнародным абавязацельствам, узятым на сябе Рэспублікай Беларусь, па гарантаванні права на свабоду рэлігіі, у прыватнасці, арт. 18 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Глядзіце таксама

Нормы закона скіраваны на жорсткі кантроль, у тым ліку кантроль палітычнай і ідэалагічнай лаяльнасці рэлігійных арганізацый, якім дазволена дзейнічаць у Рэспубліцы Беларусь. Іншыя арганізацыі, а таксама асобы, якія займаюцца рэлігійнай дзейнасцю без рэгістрацыі, будуць падвяргацца пераследам, у тым ліку ў крымінальным парадку. 

Размытасць такіх паняццяў, як «экстрэмісцкая дзейнасць» і «ідэалогія беларускай дзяржавы» дазваляе адвольна адмаўляць рэлігійным арганізацыям у рэгістрацыі, а таксама іх ліквідаваць.

Узмацненне жорсткасці рэпрэсіўных мер у адносінах да рэлігійнай дзейнасці з'яўляецца следствам агульнай палітыкі беларускага рэжыму па кантролі за грамадзянскай супольнасцю, забеспячэнні яе лаяльнасці і ліквідацыі любой пратэснай ці незалежнай актыўнасці.