Праваабаронцы звярнуліся па абарону Круткіна да спецдакладчыкаў ААН

Праваабаронцы "Вясны" звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па сітуацыі полацкага актывіста Алеся Круткіна, які адбывае 45 сутак запар за расклейку ўлётак па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

krutrin_spiridonava.jpg

Нагадаем, актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Алеся Круткіна суд ужо трэці раз карае суткамі. 28 студзеня Алесь Круткін быў пакараны 15-суткавым арыштам за ўдзел у снежаньскай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі. 12 лютага суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пакараў актывіста на 15 сутак арышту за расклейку ўлётак "Калгаснай дыктатуры — баста" на адміністрацыйных будынках горада па артыкуле 23.34 КаАП. 26 лютага полацкі актывіст мусіў выйсці на волю пасля 30-суткавага арышту, але ў той жа дзень Алесю Круткіну прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП. 

Звароты былі накіраваныя адразу да трох спецыяльных дакладчыкаў ААН:

  1. па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый;
  2. па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне;
  3. па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Праваабаронцы адзначаюць, што Алесь Круткін быў пазбаўлены волі на 45 сутак менавіта за рэалізацыю права на свабоднае выказванне меркавання і на свабоду сходаў. Ні ў адным з судовых пастаноў аб прыцягненні Алеся Круткіна да адказнасці не пазначана, якім чынам яго дзеянні стваралі пагрозу мэтам, названым у артыкулах 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, як падставы для абмежавання правоў на свабоду выказвання меркавання і свабоду сходаў.

"Патрабуецца прыняцце тэрміновых мераў для вызвалення Аляксандра Круткіна, які ўжо правёў за кратамі 30 дзён і павінен правесці яшчэ 15, калі яму не будзе прызначана дадатковае пакаранне. Таксама неабходна не дапусціць выканання судовых рашэнняў аб арышце Дзмітрыя Казлова (засталося адбыць 94 сутак), Паўла Севярынца (засталося адбыць 30 сутак), Сяргея Ціханоўскага і МаксімаУрбановіча (засталося адбыць па 15 сутак), а таксама знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі Вячаслава Сіўчыка (павінен адбыць 45 сутак)", — пазначаюць праваабаронцы ў зваротах.

spring96.org