Пераслед за незалежнасць: лічбы, імёны, геаграфія (інфаграфіка)

Па выніках двух месяцаў судоў над удзельнікамі акцый супраць "паглыбленай інтэграцыі" з Расіяй, праваабаронцы «Вясны» прааналізавалі, хто больш за ўсіх трапіў пад пераслед, колькі штрафаў і сутак атрымалі актывісты, а таксама ў якіх гарадах праходзілі суды і хто з суддзяў стаў рэкардсменам па вынясенні палітычна матываваных рашэнняў.

83896876_492398751461138_1071393842688688128_n_logo_1.jpg


Па даных праваабаронцаў, у перыяд з 26 снежня 2019 года па 25 лютага 2020 года ў Беларусі прайшлі 202 судовыя працэсы над удзельнікамі акцый супраць інтэграцыі – за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, то-бок за парушэнне артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Толькі ў адзінкавых выпадках справы былі спыненыя ці скончыліся папярэджаннем, у астатніх жа выпадках людзі атрымалі вялікія штрафы і арышты на суткі.
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 132 чалавекі. Агульная сума штрафаў склала 144 993 рубля (амаль 65 000$), а агульная колькасць атрыманых актывістамі сутак – 375.

agulnija_lichby.jpg


Адной з адметнасцяў гэтых акцый і наступных рэпрэсій стала прыцягненне да адказнасці не толькі за ўдзел у акцыях, але і за заклікі да іх – фактычна за допісы-анонсы акцый у сацыяльных сетках.

Хто трапіў пад пераслед?

Акцыі супраць інтэграцыі аб’ядналі прадстаўнікоў розных партый, палітычных і грамадскіх рухаў і звычайных людзей самых розных поглядаў. Вялікая колькасць з іх у выніку трапіла пад пераслед. Прычым шмат хто ўпершыню.


Гэтыя антыінтэграцыйныя пратэсты запомняцца тым, што сярод асуджаных аказаліся вядомыя пісьменнікі, дзеячы культуры, грамадскія дзеячы, блогеры і журналісты. Так, штрафы атрымалі пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі і Уладзімір Някляеў, мовазнаўца Пётр Садоўскі і мастак Алесь Марачкін. Генадзя Верацінскага і Іллю Дабратвора, якія былі на акцыях у якасці журналістаў, таксама аштрафавалі за ўдзел у акцыях. Вялікі ціск адчулі блогеры, якія асвятлялі акцыі пратэсту ці ўдзельнічалі ў іх. Youtube-блогеры Зміцер Казлоў (“Шэры кот”) і Сяргей Ціханоўскі (“Краіна для жыцця”) атрымалі арышты, Уладзімір Цыгановіч (MozgON), Мікола Дзядок, Эдуард Пальчыс, Мікалай Маслоўскі, Аляксандр Дуброўскіх, Алена Янушкоўская – вялікія штрафы.

Каго з актывістаў больш за ўсіх пакаралі рублём?

shtrafy_reting.jpg


Рэкардсменкай па велічыні атрыманых штрафаў стала актывістка і блогер з Віцебска Алена Янушкоўская. Яе судзілі 6 разоў за ўдзел у мінскіх і віцебскай акцыях пратэсту, а таксама за заклікі да іх. Агульная сума яе штрафаў — 4590 рублёў.
Амаль такую ж велізарную суму штрафаў атрымаў актывіст “Маладога фронту” Віталь Трыгубаў. Над ім прайшло 4 адміністрацыйныя суды, вынікам якіх сталі штрафы на 4575 рублёў.
Актывістка Руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая атрымала агулам 3975 рублёў штрафу па выніках 3 судоў. Сума штрафаў Віктара Кавалькова (айца Вікенція) – 3195 рублёў, а Таццяны Севярынец – 2970 рублёў. Яшчэ 10 чалавек атрымалі штрафы на 100 базавых велічынь кожны.

Каго асудзілі на суткі?

Дзеля таго, каб не дапусціць далейшага росту пратэстнай актыўнасці, улады звярнуліся да старой практыкі – садзіць актывістаў на суткі. У выніку 13 чалавек былі асуджаны агулам на 375 сутак арышту. Для параўнання, са студзеня па канец лістапада 2019 года (т.б. за 11 месяцаў) было прысуджана агулам 83 сутак арышту па “палітычных” адміністрацыйных артыкулах. Гэта ў 4,5 разы меней, чым за апошнія два месяцы.
\

sutki_reting.jpg


Сапраўды рэкордную колькасць сутак атрымаў youtube-блогер з Барані Зміцер Казлоў (Шэры кот). Яго судзілі 8 разоў за ўдзел у снежаньскіх акцыях у Мінску і за заклікі да ўдзелу ў іх. Кожны раз рашэнне суддзяў было аднолькавым – 15 сутак арышту. І ўсе гэтыя рашэнні ў суме склалі 120 сутак. 26 з іх “Шэры кот” ужо адбыў, 94 – застаюцца неадбытымі.
На другім месцы па колькасці атрыманых сутак – лідар Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык. Яму прызначылі пяць судоў за акцыі супраць інтэграцыі, і ўсе яны шмат разоў пераносіліся, бо той быў за мяжой. Суддзі суда Партызанскага раёна Мінска прынцыпова не хацелі разглядаць адміністрацыйныя справы Сіўчыка ў яго адсутнасць, у той час як суддзям іншых раённых судоў Мінска не ўяўляла цяжкасці судзіць удзельнікаў акцый завочна. У выніку, пасля месяца штотыднёвых пераносаў, па трох справах Сіўчыка ўсё ж асудзілі – кожны раз па 15 сутак (агульная колькасць – 45). Дзве справы спынілі, бо скончыліся тэрміны прыцягнення да адказнасці. Вячаслава Сіўчыка, як і “Шэрага ката”, могуць у любы момант затрымаць і адправіць адбываць суткі.
Падобная сітуацыя і ў лідара мінскіх акцый пратэсту палітыка Паўла Севярынца. Агулам яму прысудзілі 45 сутак арышту, з іх ён адбыў 15. Але наперадзе яго чакаюць яшчэ 30 сутак.
Па 30 сутак арышту атрымалі блогер Сяргей Ціханоўскі і актывіст “Маладога фронту” Максім Урбановіч. Яны адбылі першыя 15 сутак, другія 15 засталіся “вісець”.

Геаграфія рэпрэсій

Акрамя 5 акцый у Мінску, якія адбыліся 7,8,20,21 і 29 снежня, акцыі ў падтрымку незалежнасці прайшлі таксама ў Гародні, Лідзе, Пінску, Віцебску і Полацку. Рэакцыя міліцыі ў гэтых гарадах не прымусіла доўга чакаць.

geography2020.jpg


Так, у Гародні, дзе 15 снежня акцыя “Ланцуг незалежнасці” сабрала каля 80 удзельнікаў, пакаралі пяць яе арганізатараў на 3187,5 рублёў. У Лідзе суд вынес папярэджанне аднаму з удзельнікаў акцыі, у Пінску асудзілі чатырох чалавек на штрафы да 10 базавых (агульная сума – 783 рубля).
У Полацку міліцыя ўчыніла самае натуральнае паляванне на актывістаў, якія выйшлі 4 студзеня да Сафійскага сабору і склалі з асобных літар слова “Незалежнасць”. Напрыклад, каб скласці пратакол на аднага з удзельнікаў той акцыі – Яўгена Вільскага, маршрутку, на якой той ехаў у Мінску ў Полацк, спынілі ноччу на трасе. Суды над удзельнікамі полацкай акцыі прайшлі ў самім Полацку, а таксама ў суседнім Наваполацку. Па выніках пасяджэнняў 9 чалавек былі аштрафаваны на 2916 рублёў. Наперадзе яшчэ адзін суд 2 сакавіка – над актывістам Мікалаем Шарахам.
На другім месцы пасля сталіцы па колькасці судоў над удзельнікамі антыінтэграцыйных акцый апынуўся Віцебск. Там прайшло 20 судоў над удзельнікамі як мясцовай акцыі 29 снежня, так і акцый у Мінску. Агульная сума штрафаў, прысуджаных віцебскімі раённымі судам, склала 16497 рублёў.
Таксама суды над ўдзельнікамі мінскіх акцый пратэсту прайшлі ў Воршы, Гомелі, Барысаве, Вілейцы, Мазыры, Дуброўне, Століне, Лідзе, Магілёве і Шклове.

Суддзі – рэкардсмены па рэпрэсіях

Больш за 70 судзяў раённых судоў па усёй краіне былі задзейнічаны, каб асудзіць актывістаў, што выходзілі на мірныя акцыі ў падтрымку незалежнасці. Але асобныя суддзі падчас гэтага судовага канвееру адзначыліся больш за астатніх.

suddzi2020.jpg


Суддзя суда Цэнтральнага раёна Іван Касцян актыўна вядзе палітычна матываваныя справы з 2017 года. У яго скарбонцы больш за 60 адміністрацыйных спраў супраць актывістаў. І зараз ён стаў суддзёй-рэкардсменам па колькасці праведзеных судоў і выпісаных штрафах удзельнікам снежаньскіх акцый. Па выніках 11 пасяджэнняў ён прысудзіў актывістам агулам 380 базавых і 15 сутак арышту.
Былы пракурор, а цяпер суддзя Ленінскага раённага суда Аляксей Кісляк упершыню ўзяўся весці палітычна матываваня адміністрацыйныя справы. Але ж які старт! За студзень ён правёў ажно 7 судоў, па выніках якіх аштрафаваў актывістаў на 240 базавых.
Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Аляксандр Рудэнка, які з’яўляецца яшчэ і намеснікам старшыні суда па крымінальных справах, апынуўся на другім месцы па колькасці і велічыні выпісаных штрафаў. Ён правёў 6 судоў (частку з іх завочна) і агулам аштрафаваў актывістаў на 250 базавых велічынь.
Акрамя таго, на судах над удзельнікамі акцый супраць інтэграцыі запомніліся суддзі суда Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль і Юрый Машкетаў. Мотыль правяла 6 судоў, па выніках якіх аштрафавала актывістаў агулам на 200 базавых і прысудзіла агулам 20 сутак. Машкетаў правёў 5 судоў, аштрафаваў актывістаў на 170 базавых велічынь. Таксама сярод суддзяў-рэкардсменаў Юлія Густыр (суддзя суда Цэнтральнага раёна). Па выніках 5 пасяджэнняў яна выпісала штрафаў на 190 базавых і прысудзіла 15 сутак.
Інфармацыя ў артыкуле прадстаўлена ў адпаведнасці з дадзенымі, якімі валодае ПЦ “Вясна” на 27 лютага 2020 года.

spring96.org