Праект “Беларускі фальклор”
23 мая ў Мінску адбылася прэзентацыя проекту "Беларускі фальклор", прысвечанага 80-годдзю Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП), якое будзе адзначацца ў 2014 годзе.
23 мая ў Мінску адбылася прэзентацыя проекту "Беларускі фальклор", прысвечанага 80-годдзю Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП), якое будзе адзначацца ў 2014 годзе.
Прэзентацыя была арганізаваная СБП, грамадска-культурнай кампаніяй "Будзьма беларусамі" і газетай "Комсомольская правда в Белоруссии" (“КПвБ.)
Як адзначыла ініцыятар і каардынатар праекту Ірына Хадарэнка, у краіне зніжаецца цікавасць да кнігі і ўзровень культуры чытання, літаратура становіцца незапатрабаванай.. Паводле яе слоў,
“Беларускі фальклор накіраваны на папулярызацыю беларускай кнігі і айчынных літаратараў. Праект прадугледжвае стварэнне ў 2012-2013 гадах фотавобразаў герояў нацыянальнага
фальклору у выглядзе насценнага календара вялікага фармату, серыі паштовак і рэпартажаў у газеце "КПвБ", якая з’яўляецца інфармацыйным партнёрам праекту, сказала
Хадарэнка.
Сярод літаратараў, каго плануецца задзейнічаць ў праекце, яна назвала народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, вядомых паэтаў і празаікаў Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Арлова, Міхася Скоблу,
Леаніда Дранько-Майсюка, Леаніда Дайнеку, Аксану Данільчык і Аксану Спрынчан. Яны будуць увасабляць, адпаведна, вобразы міфічных Дамавіка, Бая, Жыжаля, Лазніка, Лесавіка, Зюзю, Лёлю і Русалку. Да
праекту мяркуецца прыцягнуць таксама Анатоля Вярцінскага, Алеся Разанава, Сяржука Сыса і Віктара Жыбуля для стварэння іншых вобразаў народнай міфалогіі. “Усе гэтыя персаналіі вельмі трывала
замацаваныя у культурнай памяці беларусаў, нягледзячы на тое, што мы пра іх не ўзгадваем у штодзённым жыцці. Вось чаму адной з мэтаў праекту з’яўляецца адраджэнне нашай культурнай спадчыны і
папулярызацыя гэтых міфалагічных вобразаў, -- падкрэсліла Хадарэнка.
Паводле слоў старшыні СБП Барыса Пятровіча, у маі 1932 года была прынятая пастанова ЦК ВКП (б) аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый, 25 мая 1932 года адбылося першае пасяджэнне аргкамітэта
па стварэнню Саюза пісьменнікаў БССР, 1 чэрвеня 1932 быў ўтвораны аргкамітэт, а праз два гады – у чэрвені 1934 года адбыўся I з’езд СПБ. “Мы рыхтуемся да 80-годдзя нашай
пісьменніцкай арганізацыі -- СБП, якая з’яўляецца правапераемніцай СПБ. Мы хацелі б прыцягнуць увагу грамадства да гэтай даты, да саміх беларускіх пісьменнікаў, да праблемы папулярызацыі
кніг і творцаў, і ўвогуле -- да сучаснай беларускай літаратуры, -- сказаў Пятровіч.
Фотамастак і кнігавыдавец Валер Дубоўскі назваў праект даволі складаным і цяжкім з творчага і тэхнічнага пунктаў гледжання. Паводле ягоных слоў, справа ў тым, што ў праекце ўдзельнічаюць вельмі
розныя асобы, які не з’яўляюцца прафесійнымі мадэлямі.
“Гаворка ідзе пра жанчын і мужчын рознага ўзросту. Сам міфічны вобраз, які стаіць за персаналіяй літаратара, вымушае рабіць фотасесію ва ўмовах даволі складаных – на прыродзе, дзе
ўвогуле няма электрычнасці і трэба быць негламурным. Можна людзей прывезці на студыю і ўсё зрабіць гламурна. Аднак гэта не будзе адпавядаць сутнасці нацыянальнай міфалогіі. Але і не трэба спрабаваць
зрабіць цалкам аўтэнтычную імітацыю вобразаў беларускай міфалогіі, бо ніхто з нас не жыў ні тысячу гадоў таму, ні пяцьсот. Народная ж міфалогія і народная творчасць працягваюць сваё жыццё. Вось чаму
мы мяркуем спалучыць асобу сучаснага літаратара, мысліцеля і творцы з тым народным бачаннем нашых першавобразаў, якія склаліся за многія стагоддзі. Наш прынцып – менш гламуру, быць больш
блізкім да вобразу самога літаратара, які імкнецца да падабенства з вобразам свайго міфічнага героя, -- сказаў Дубоўскі.
Паводле ягоных слоў, каляндары на беларускай і англійскай мовах з паэтычнымі радкамі аўтараў выдання магчыма будуць распаўсюджвацца па падпісцы і стануць добрым падарункам для ўсіх аматараў
беларушчыны.
Прадстаўнік кампаніі “Будзьма беларусамі, бард Таццяна Беланогая распавяла, што кампанія з’яўляецца партнёрам праекту, бо супадаюць іх мэты: захаванне нацыянальных
культурных каштоўнасцяў і развіццё сама бытнасці беларусаў.