Прадстаўнікі беларускай грамадскасці заклікалі да санкцый супраць украінскіх чыноўнікаў
Шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый і актывістаў заклікалі Еўрапейскі саюз неадкладна разгледзець пытанне эканамічных санкцый супраць украінскіх чыноўнікаў у сувязі з сітуацыяй ва Украіне.
Адпаведную заяву падпісалі, у прыватнасці, прадстаўнікі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, грамадзянскай анлайн-ініцыятывы "Еўропа без дыктатур!", праваабарончага руху "Наша Беларусь", ініцыятыўнай групы па стварэнні грамадскага аб'яднання беларускіх пенсіянераў "Наша пакаленне" і Міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў "Наш дом".
Падпісанты заявы мяркуюць, што ад пытання персанальных эканамічных санкцый у дачыненні да ўкраінскіх чыноўнікаў сёння залежыць, "ці будуць ва Украіне новыя ахвяры і колькі іх
будзе". Прадстаўнікі беларускай грамадскасці ўпэўненыя, што гэтая мера не акажа негатыўнага ўплыву на далейшы перамоўны працэс з Украінай, а наадварот, накіруе іх
у "рэчышча адказнасці і законнасці".
У заяве гаворыцца, што для санкцый у дачыненні да чыноўнікаў, адказных за масавыя парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці ва Украіне, маюцца як неабходныя, гэтак
і дастатковыя ўмовы. Неабходнай умовай, на думку падпісантаў заявы, з'яўляецца неэфектыўнасць запэўніванняў урада Януковіча. Дастатковым з'яўляюцца выкраданні, катаванні і забойствы
актывістаў Еўрамайдана, збіванні журналістаў на сістэматычнай аснове. У тэксце заявы прыводзіцца інфармацыя аб пацярпелых і загінулых за час Еўрамайдана: паводле афіцыйных звестак, загінулі
чатыры актывісты Еўрамайдана: Міхаіл Жызнеўскі, Сяргей Нігаян, Юрый Вярбіцкі, Раман Сенік.
Паводле даных ініцыятывы "Еўрамайдан SOS" на 4 лютага, 29 актывістаў прапалі, магчыма, яны выкрадзены, больш як тысяча пратэстуючых атрымалі траўмы рознай ступені. Згодна са звесткамі
Інстытута масавай інфармацыі, усяго за час пратэсту пацярпелі 136 журналістаў, найбольш вядомыя выпадкі збівання і расстрэлу Уладзіміра Маралава, збіванні Таццяны Чарнавол. У заяве згадваецца
асабліва рэзанансная гісторыя выкрадання і сямідзённага катавання лідара Еўрамайдана Дзмітрыя Булатава.
Як зазначаюць прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый, гэтыя факты з'яўляюцца дастатковай падставай і для разгляду іх органамі адпаведных канвенцый ААН (у прыватнасці, аб
забароне катаванняў), якія падпісала Украіна. Пры гэтым падпісанты падкрэсліваюць: "Вопыт беларускай грамадзянскай супольнасці гаворыць пра тое, што эканамічныя санкцыі супраць
чыноўнікаў і праўладных бізнесменаў з'яўляюцца эфектыўнымі, а любое прамаруджванне і зацягванне прыняцця адпаведных рашэнняў, як і іншых адэкватных мер рэагавання, успрымаецца
як "зялёнае святло" і прыводзіць да новых ахвяр і да новага наступу ўлад на дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека".
Нагадаем, 6 лютага Еўрапейскі парламент ухваліў праект рэзалюцыі па Украіне, якая заклікае інстытуты ЕС, краіны — члены ЕС рыхтаваць персанальна нацэленыя меры і санкцыі на паездкі, актывы і
нерухомасць тых украінскіх чыноўнікаў, заканадаўцаў і іх бізнес-спонсараў (алігархаў), якія адказныя за прымяненне насілля і смерці пратэстуючых. Пытанне прымянення да Украіны санкцый будзе
абмяркоўвацца на пасяджэнні Савета Еўрасаюза па пытаннях замежных спраў 10 лютага.
БелаПАН