Дзеячы інтэлігенцыі выказалі падтрымку арыштаваным фанатам БАТЭ
Яны вырабілі расцяжкі, аналагічныя тым, з якімі сфатаграфаваліся 23 фаны БАТЭ ў Барысаве. Акрамя таго, творцы трымалі плакат «Фанаты БАТЭ — малайцы».
Удзел узялі пісьменнікі Наталка Бабіна, Міхась Скобла, Славамір Адамовіч, спевакі Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч, джазмэн Павел Аракелян, кінасцэнарыст Андрэй Курэйчык, бард Андрэй
Мельнікаў, кінарэжысёры Вольга Мікалайчык і Алег Дашкевіч, мастак Міхал Анемпадыстаў, тэатральны рэжысёр Валер Мазынскі, гісторыкі Анатоль Сідарэвіч, Алесь Пашкевіч і Алег Гардзіенка, вэб-дызайнер
Стась Карпаў, ветэран беларускай журналістыкі Сяргей Ваганаў ды іншыя.
Варта адзначыць, што ініцыятыву здымання шырока не разгалошвалі, каб справа не сарвалася.
«Гэта просты жэст чалавечай салідарнасці, — кажа аўтарка рамана «Рыбін горад» Наталля Бабіна. —Я падтрымліваю лозунгі, з якімі выйшлі барысаўскія
хлопцы. І спачуваю хлопцам, і захапляюся імі».
«Па-першае, я фанат БАТЭ, — тлумачыць сцэнарыст «Ёлак», «Любові-маркові» і «Вышэй за неба» Андрэй Курэйчык. —
Па-другое, я як юрыст па першай адукацыі магу сказаць, што тое, як праводзяцца суды ў нашай краіне — гэта ганьба. Судзіць людзей постфактум, па фота, праз трэція рукі — так не можа
быць проста. Па-трэцяе, людзі маюць права падтрымліваць тое, што ім падабаецца», — кажа Курэйчык.
Рэпрэсій не баіцеся? «Я гатовы да іх, нават пашпарт з сабой узяў», — жартуе культавы рокер Лявон Вольскі.
«Мне баліць за Украіну, а гэтае фота — добры спосаб выказаць сваю занепакоенасць, абурэнне, — тлумачыць аўтар «Народнага альбома» Міхал Анемпадыстаў.
— І тое, што адбылося з хлопцамі з Барысава, якія сфатаграфаваліся – гэта не па-людску. Я дапускаю, што за нашую акцыю могуць быць нейкія санкцыі. Шкада было б згубіць час, калі
трапіш на 10—15 сутак. Але калі прымаеш рашэнне, становіцца не так страшна».
Нагадаем, што 26 студзеня 23 хлопцы ў Барысаве зняліся з плакатамі «Украіна, мы з табой», «Героям слава».
У руках яны таксама трымалі бел-чырвона-белы сцяг. Так яны выказалі салідарнасць з украінскімі майданамі, у якіх чынны ўдзел бяруць акурат ультрас.
Барысаўская міліцыя распачала пошук удзельнікаў акцыі. Два хлопцы адбылі адміністратыўны арышт за сваю салідарнасць з Украінай. Астатнія — у вышуку.
Рэпрэсіі супраць барысаўцаў выклікалі абурэнне ў фанацкіх асяродках.