Пра суд і штраф пенсіянерка даведалася толькі ад судовых выканаўцаў

Маёмасць жыхаркі Мінскага раёна Вольгі Юнкевіч апісанню не падлягае. Да такой высновы прыйшлі судовыя выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Мінскага раёна, якія раніцай 8 жніўня наведалі жыллё 72-гадовай актывісткі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Вольгі Юнкевіч.

Вольга Юнкевіч (справа) падчас пікетавання на плошчы Свабоды 12 мая.

Вольга Юнкевіч (справа) падчас пікетавання на плошчы Свабоды 12 мая.


12 мая ў Мінску разам з іншымі грамадскімі актывістамі жанчына правяла адзіночны несанкцыянаваны пікет на плошчы Свабоды.
Спачатку пенсіянеры накіраваліся ў прыёмную Адміністрацыі прэзідэнта, каб згодна пададзеным заявам сустрэцца з намеснікам кіраўніка гэтай дзяржаўнай структуры Валерам Мацкевічам. Аднак, як патлумачылі заяўнікам, ім было адмоўлена ў прыёме, паколькі ўзнятыя грамадзянамі пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю Адміністрацыі прэзідэнта. Пасля такой адмовы пенсіянеры і выйшлі на плошчу Свабоды.
Вольга Юнкевіч трымала плакат: “Адпіскі чыноўнікаў разбурылі маю сям’ю”. Цягам дзевяці гадоў яна дамагаецца справядлівага вырашэння сваёй грамадзянскай справы, у выніку якой яе ўласны дом у Мінскім раёне падзелены на тры кватэры, а грошы, што жанчына павінна была атрымаць за падзел дома, зніклі з дэпазітнага рахунку суду Мінскага раёна. Аднак па гэтаму факту праваахоўнікі адмаўляюцца ўзбуджаць крымінальную справу.
1 чэрвеня суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала Вольгу Юнкевіч на 30 базавых велічынь (630 рублёў). Аднак асуджэнне адбылося без удзелу пенсіянеркі. Ні позву ў суд, ні пастанову суддзі жанчына не атрымлівала. На яе адпаведную рэакцыю судовыя выканаўцы заявілі: “Не падабаецца — з’язджайце з краіны!”.
“І гэта мяне больш за ўсё абурыла, бо Беларусь — мая радзіма, дзе маі карані і парасткі, дзе я пражыла ўсё жыццё і прапрацавала настаўніцай біялогіі каля 40 гадоў”, — падкрэсліла Вольга Юнкевіч.
Трэба мець на ўвазе, што 11 ліпеня суддзі суда Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і горада Бабруйска Таццяна Тарабуева і Наталля Чарапуха аштрафавалі яшчэ двух удзельнікаў несанкцыянаванага пікетавання на сталічнай плошчы Свабоды. Любоў Санкевіч і Алесь Каваленка былі пакараныя штрафамі ў 20 базавых велічыняў (420 рублёў) кожны.