Плюнь у народ – атрымаеш медаль

«Дзе пахаваны Скарына — за даўнасцю часу не вядома. Але дзе б ні ляжалі косці славутага асветніка і першадрукара, яны гэтымі днямі няйначай абурана перавярнуліся ў зямлі. Амаль паўтысячы гадоў спалі вечным сном, а тут — не ўлежалі, страцілі спакой», — піша на старонках «Народнай Волі» Міхась Скобла.

1507810788062314.jpg

Што ж іх патрывожыла? Землятрус, вайна? Ды не, на першы погляд, зусім мірная дзея. Расійскі прапагандыст, супрацоўнік небезвядомай тэлесеткі «Russia Today» Канстанцін Прыдыбайла атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі медаль Францішка Скарыны.
Той самы Прыдыбайла, які пасля пазалеташніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі прылятаў з Масквы разам са сваімі аднадумцамі асвятляць у патрэбным ракурсе вулічныя пратэсты. Той самы Прыдыбайла, які вёў свае сумнеўныя рэпартажы проста са службовага аўто міністра Караева. Той самы Прыдыбайла, які публічна абражаў беларускі народ.
Апошнюю «заслугу» расіяніна варта разгледзець больш падрабязна. У жывым эфіры адной з праграм Уладзіміра Салаўёва Прыдыбайлу раптам панесла, як кабылу пана Быкоўскага з горкі. Зрэшты, той датычны Беларусі фрагмент дыялогу вядучага і яго па-ксенафобску настроенага госця лепш падаць даслоўна.
Прыдыбайла: «Если вернуться к теме Белоруссии, то белорусы – тупые, конкретно тупые люди, политически безграмотные…»
Салаўёў: «Ну, Кость, перестань… Великий народ, народ-герой, народ-победитель, народ умнейший, тонкий, интеллигентный, добрый. Не надо так говорить».
Вы думаеце прысаромлены вядучым «Кость» узяў свае словы назад? І не падумаў.
І вось – атрымаў Скарынаўскі медаль, пахваліўшыся ў сацсетках «крепким рукопожатием» Лукашэнкі. Хоць павінен быў атрымаць крымінальную справу – за распальванне міжнацыянальнай варажнечы (відавочнай у прыведзеных вышэй словах).
Помніце, быў такі расійскі эстрадны сатырык Міхаіл Задорнаў, у якога з нумара ў нумар пераходзіў выраз «тупые американцы»? Падобным чынам выказваўся ён і пра ўкраінцаў. І што – сышло яму гэта з рук? Не сышло. Задорнаву быў забаронены ўезд у ЗША і ва Украіну. І гэта нармальная рэакцыя дзяржавы, якая павінна бараніць гонар і годнасць свайго народа.
У Беларусі – усё наадварот. Плюнь публічна ў твар беларусам – і беларуская ўлада цябе за гэта ўзнагародзіць!
То хай бы і ўзнагароджвала – медалямі, якія выяўляюць яе сапраўдную сутнасць. Прыдумала б, напрыклад, медаль Мураўёва-вешальніка і вешала б яго на грудзі ўсім тым, хто ненавідзіць усё беларускае і дагэтуль лічыць Беларусь «Северо-Западным краем». Ці наштампавала б медалёў якога-небудзь чорта лысага і раздавала б іх налева і направа тым, хто спіць і бачыць Беларусь у складзе адноўленай імперыі.
Пры чым тут Скарына – постаць знакавая і бясспрэчная ў беларускім нацыянальным пантэоне? Скарынаўскі медаль падыходзіць Прыдыбайлу, як свінні набэдрыкі. З якога боку ні зірні. Скажам, у афіцыйным палажэнні недвухсэнсоўна гаворыцца: «Медалём Францішка Скарыны ўзнагароджваюцца работнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя поспехі ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу і культурнай спадчыны беларускага народа».
У якую шчыліну паміж гэтымі словамі змог бы пралезці Прыдыбайла са сваім «белорусы тупые»? Ні ў якую. Аднак жа пралез. Дакладней, яго прапіхнуў той, хто падпісаў указ аб узнагароджванні. Адбыўся яшчэ адзін гвалт – гэтым разам над медалём з профілем зняважанага Скарыны пад прыцьмелым ад ганьбы сонцам маладзіковым.
А былі ж часы (асабліва на пачатку 1990-х), калі тое сонца радавалася і свяціла яшчэ ярчэй – на цырымоніях узнагароджвання Скарынаўскім медалём людзей годных, якія яго сапраўды заслужылі. У спісе ўзнагароджаных бачым імёны Васіля Быкава і Ніла Гілевіча, Максіма Танка і Янкі Брыля, Уладзіміра Мулявіна і Міколы Ермаловіча, Алеся Белакоза і Адама Мальдзіса, Міхася Ткачова і Аляксея Марачкіна…
Уяўляеце, у адным шэрагу Быкаў з Гілевічам і… Прыдыбайла.
Як там спяваў Высоцкі: «Отберите орден у Насера, не подходит к ордену Насер». Не адабралі ў Насера, і ў Прыдыбайлы ўжо не адбярэш. Паехаў медаль у Маскву.
Хоць, трэба сказаць, спроба паставіць на месца будучага медаляносца была. Грамадзянін Беларусі Святаслаў Лепешаў, пачуўшы пра «тупых белорусов», не вытрымаў і, не надта стрымліваючыся ў выразах, патэлефанаваў Прыдыбайлу, які на той час знаходзіўся ў Мінску. Той спалохаўся і схаваўся ў расійскім пасольстве… У выніку Лепешаў атрымаў 4 гады «хіміі» – спрацаваў крымінальны артыкул за распальванне той самай нацыянальнай варажнечы. У дачыненні да Прыдыбайлы не спрацаваў, а супраць Лепешава – імгненна.
У жывёльным свеце вядомая такая з’ява – аўтаканібалізм. Некаторыя атрутныя змеі пры пэўных збоях у арганізме часам джаляць самі сябе і нават, давячыся, заглытваюць уласны хвост. І – гінуць у страшных канвульсіях.
Сённяшняя беларуская ўлада нагадвае мне такую змяю – джаліць і кусае свой жа народ, з якім павінна быць адзіным арганізмам. Вынік чакаецца той самы…