Першы Усебеларускі з‘езд абаронцаў жывёл прайшоў у Мінску

Перад дэлегатамі выступілі не толькі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, але і прадстаўнікі ўлады.

gloss.ua

gloss.ua

У Мінску 1 снежня адбыўся першы ўсебеларускі з’езд абаронцаў жывёл. Арганізатары мерапрыемства — грамадзянская ініцыятыва „Мы з табой у адным Доме” і грамадскае аб’яднанне абароны жывёл „Заасвет”. На з’езд зарэгістравалася больш за 80 чалавек з розных гарадоў Беларусі. Як паведаміла БелаПАН каардынатар ініцыятывы „Мы з табой у адным Доме” Вольга Маёрава, адна з галоўных мэтаў з’езда — сабраць разам усіх абаронцаў жывёл Беларусі і пазнаёміцца. „Цяпер абаронцы жывёл Беларусі раз’яднаныя так, як ні ў адной іншай краіне, — сказала яна. — Нават у параўнанні з Расіяй мы знаходзімся ў вельмі дрэнным становішчы. Па сутнасці на карце свету мы чорная дзірка ў абароне жывёл”. Паводле яе слоў, прысутным трэба дамовіцца, у якой форме абаронцы жывёл могуць супрацоўнічаць, якая для гэтага можа быць каардынацыйная пляцоўка. У перспектыве, адзначыла яна, гэта можа быць сайт, нейкія чаты. „Акрамя таго, нам трэба выпрацаваць агульныя мэты і патрабаванні, якія зоаабарончая супольнасць прад’яўляе беларускім уладам. Гэта трэба для таго, каб нас не папракалі ў рознагалоссі”, — падкрэсліла Маёрава.
Другая мэта першага з’езда — разгледзець існуючыя праблемы з абаронай жывёл у заканадаўчай сферы. Па словах Маёравай, для абмеркавання сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца абарона жывёл у Беларусі, арганізатары запрасілі на з’езд прадстаўнікоў 7 парламенцкіх камісій, 9 міністэрстваў, удзельнікаў зоаабарончых рухаў з усёй рэспублікі. На з’ездзе Маёрава расказала аб выніках сустрэчы абаронцаў жывёл з прадстаўнікамі трох парламенцкіх камісій, якая прайшла 30 лістапада. Яна адзначыла, што гэтая сустрэча — негатыўны вопыт зносін з заканадаўцамі. „Мы ўбачылі, што існуючая сёння ў краіне сістэма адносіны да жывёл іх задавальняе, і ўлады не лічаць патрэбным уносіць у яе кардынальныя змены. Яны толькі гатовыя на нейкія прыватныя змены, а таксама на фінансавую падтрымку з-за мяжы, у прыватнасці на стэрылізацыю бадзяжных сабак і катоў”, — паведаміла арганізатар з’езда. На яе думку, найбольш важныя крокі, якія беларуская дзяржава павінна зрабіць у развіцці зоаабарончай сферы, гэта, па-першае, далучэнне Беларусі да еўрапейскіх Канвенцый па абароне жывёл, як гэта зрабіла Украіна. Па-другое, змяненне арт.137 Грамадзянскага кодэкса, каб знік статус жывёл як маёмасці. Далей гэта адмова ад раней прапанаванага праекта закона „Аб абыходжанні з жывёламі”, а распрацоўка і прыняцце закона з улікам меркавання абаронцаў жывёл і стандартаў цывілізаванага грамадства.
Маёрава адзначыла, што ініцыятыва арганізавала супрацоўніцтва з Фондам Брыджыт Бардо, вынікам якога стаў зварот актрысы і вядомай абаронцы жывёл 27 лістапада да Аляксандра Лукашэнкі. У лісце Бардо просіць кіраўніка беларускай дзяржавы прыняць неабходныя меры для таго, каб сродкі, якія выдаткоўваюцца на адлоў і забойствы, былі накіраваны на праграмы стэрылізацыі ў супрацоўніцтве з мясцовымі абаронцамі жывёл, а таксама на прытулкі-лячэбніцы для хворых жывёл або жывёл, якім шукаюць новых гаспадароў. Таксама актрыса паведамляе, што гатова накіраваць у Беларусь прадстаўніка свайго фонду, каб „растлумачыць і ўкараніць канцэпцыю рэгуляцыі залішняй колькасці сабак і катоў без болю і пакут”.
Беларускае Радыё Рацыя