Першая скрыпка Вялікага тэатра не пайшла ў РУУС, а з'ехала за мяжу
У канцы кастрычніка з Вялікага тэатра Беларусі літаральна выставілі за дзверы пяць таленавітых прафесіяналаў, якія адважыліся публічна, перад пачаткам спектакля, выказацца супраць гвалту ў краіне. Гэта былі дырыжор Андрэй Галанаў, саліст Ілля Сільчукоў, канцэртмайстар аркестра Рэгіна Саркісава, музыкі аркестра Ала Джыган і Аляксандра Пацёміна.
Рэгіна Саркісава зараз у Вільні. Яны з мужам прайшлі конкурс у аркестр музычнага Тэатра Клайпеды, вось яна расказала.
— Там у лістападзе-снежні праводзілі чарговы набор, так як тэатр пашырае свае творчыя гарызонты, — цытуе Рэгіну Мікалаеўну «Наша Ніва» са спасылкай на «Народную Волю». — Але пакуль мы знаходзімся ў Вільні, а у Клайпеду паедзем пасля Новага года, калі будзе дазволена перамяшчацца па краіне. Па магутнасці музычны тэатр з Клайпеды беларускім Вялікім, вядома, не зраўняецца. Але выбар у мяне зараз невялікі. Трэба зарабляць на жыццё, у нас двое дзяцей-студэнтаў.
— Ведаеце свой будучы заробак? Можа, ён будзе нашмат меншы, чым у Мінску?
— Ах, што вы! Даўно я так не смяялася… Ці бывае ў свеце дзе-небудзь у музыкаў зарплата менш, чым у Беларусі? Дакладную лічбу, шчыра кажучы, я пакуль не ведаю, але тое, што яна будзе істотна больш, — гэта цалкам дакладна.
— Як я разумею, вы не планавалі эміграцыю задоўга да сваёй акцыі, не чакалі, што з вамі так жорстка паступяць, калі выйшлі са словам свабоды перад спектаклем.
— Я думала, што улепяць вымову, але каб у адзін момант звольніць, нават не перагаварыўшы са мной пасля 26 гадоў маёй працы канцэртмайстрам аркестра… Я ж была не самым апошнім чалавекам у тэатры. У галаве такое не ўкладваецца. Хоць я разумела, бачыла, што незаменных людзей у нас у краіне зараз няма, лепшыя спецыялісты, выбітныя асобы пазбаўляліся працы. Але ў нашым Вялікім?!
— У вашу абарону, а таксама ў абарону ўсіх астатніх музыкаў, груба звольненых з тэатра, быў ліст, пад якім падпісаліся 1070 дзеячаў культуры нашай краіны. Была рэакцыя ад чыноўнікаў?
— Ніякай рэакцыі. Адміністрацыя ўсіх узроўняў робіць выгляд, што яна слепаглуханямая. Майму мужу — ён у аркестры працаваў літаўрыстам на пазіцыі канцэртмайстра групы ўдарнікаў — давялося звольніцца адразу за мной. А ён наогул 42 года прапрацаваў у тэатры. І з ім нават словам не перакінуўся ніхто з адміністрацыі, не зрабілі ласку пагутарыць. І так расстацца…
— Калі вы перабраліся ў Вільню?
— Гэта яшчэ адна няпростая гісторыя, зноў столькі перажыванняў… Глядзіце, як развіваліся падзеі. Прайшло ўжо нямала часу з дня майго выгнання з тэатра, калі днём 3 снежня мне патэлефанавалі з РУУС і кажуць: «Вы не з'явіліся па позве!»
Я вельмі здзівілася, бо ніякай позвы я не атрымлівала. Тым не менш мне настойліва параілі прыйсці да іх ва ўпраўленне праз паўтары гадзіны. Спытала: «З якой нагоды?» Адказалі: «За зрыў мерапрыемства».
— Хм, цікава: якога яшчэ мерапрыемства? Ці меўся на ўвазе ваш публічны пратэст перад пачаткам спектакля «Царская нявеста»? Дарэчы, вас маглі папросту з допыту адправіць у СІЗА.
— Менавіта! Таму я не стала чакаць сустрэчы ў РУУС, а тут жа сабрала валізкі і з'ехала ў Вільню. Падключыўся фонд «Дапамога» (дзякуй яму!), які правёў мяне па гуманітарным калідоры (тым больш што ў мяне была адкрытая турыстычная віза). «Дапамога» вельмі хутка спрацавала: мне патэлефанавалі з РУУС у гадзіну дня, а ў пяць вечара я ўжо была на мяжы з Літвой. Муж, праўда, змог прыехаць да мяне вось толькі нядаўна, на днях.
— Дзе вы спыніліся?
— У апарт-гатэлі.
— А дзе цяпер вашы дзеці?
— Яны паспелі з'ехаць з краіны яшчэ да майго ад'езду. Сын хадзіў на пратэсты, быў затрыманы па адміністрацыйцы, потым па праграме Каліноўскага змог з'ехаць і вучыцца цяпер у Варшаве. І дачка таксама там, яна стажыруецца у архітэктурнай фірме. Сям'я нашу раскідала.
— Біяграфія вашай бацькоўскай сям'і, я чытала, таксама вельмі складаная: дзядуля з Турцыі, мама з Украіны… А цяпер, выходзіць, пайшоў відавочны еўрапейскі нахіл. З кім з беларусаў вы сустракаліся ўжо ў Вільні?
— З Андрэем Галанавым. У яго таксама ўсё добра, але лепш ён вам сам раскажа.
— Рэгіна Мікалаеўна, вы не шкадуеце аб сваім учынку? Пачуццё прыкрасці вас не грызе?
— Дваістае пачуццё, прызнаюся. Спынілася маё нармальнае жыццё, я не меркавала, што ўсё прыйдзецца памяняць так імкліва і так кардынальна. Але, з іншага боку, мне стала лягчэй маральна. Пасля 9 жніўня мяне вельмі мучыла становішча рэчаў у нашым грамадстве. Як працаваць у тэатры на фоне татальнага гвалту? Я грала на інструменце і не разумела, навошта я гэта раблю. Было невыносна.
— Калі вас прымалі на працу ў Клайпеду, моўнае пытанне не стаяла?
— Калі ў руках у музыкі яго любімы інструмент, мова не перашкаджае камунікацыі.
— А запісы якіх кампазітараў вы пасылалі на конкурс у Клайпедскі тэатр?
— Ва ўсім свеце ў музыкаў прынята паказваць свой прафесіяналізм на канцэртах Моцарта.
— Я ўпэўненая, што Клайпедзе вельмі пашанцавала — да іх едзе выбітная пара музычных прафесіяналаў!