Пазбаўляць «экстрэмістаў» грамадзянства вырашылі праз шэсць месяцаў

На Нацыянальным прававым партале апублікаваны абноўлены закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». З дакумента вынікае, што ён набудзе моц праз шэсць месяцаў. 

2e026e6c9f1137b01af3f0aea41cfe8d.jpg

Паводле рэпрэсіўнага закона, улады змогуць пазбаўляць грамадзянства тых беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой і датычна да якіх уступіў у сілу прысуд па «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулах.

Звяртае на сябе ўвагу і наяўнасць у законе пункта, паводле якога пазбаўляць грамадзянства змогуць тых, хто паступіў «на вайсковую службу, службу ў паліцыю, органы бяспекі, юстыцыі ці іншыя дзяржаўныя органы замежнай дзяржавы». Відавочна, што тут найперш маюцца на ўвазе добраахвотнікі, якія змагаюцца на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі.

Чаму ўлады вырашылі пазбаўляць грамадзянства з адтэрміноўкай на паўгода, сказаць цяжка. Магчыма, да таго часу плануецца сфарміраваць цэлы шэраг «экстрэмістаў», асуджаных у завочным парадку.