Павел Севярынец: Кампраміс па Курапатах немагчымы

Абаронцы Курапатаў не сустрэнуцца з уласнікамі забаўляльнага комлекса і рэстарана «Поедем поедим» у Курапатах. Прынамсі, на гэтым тыдні.



img_2259_4.jpg

Пра гэта “Радыё Рацыя” паведаміў сустаршыня ствараемай партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павел Севярынец па выніках праведзенай нарады аргкамітэту.

Паводле палітыка, кампраміс у гэтай справе — немагчымы. Забаўляльны комплекс мусіць быць зачынены:

— З нашага боку рэакцыя на прапанову сустрэчы ёсць. Але складаецца ўражанне, што прапанова сустрэчы спатрэбілася ўласнікам для таго, каб не выглядаць канчаткова бандытамі, якія нашкодзілі і схаваліся. І для таго, каб разбурыць 29-га чэрвеня. У гэты дзень прыязджаюць прэзідэнты некалькіх краін адкрываць мемарыял у Трасцянцы. І мы ўжо дакладна ведаем, што частка дэлегацый гатова ўключыць Курапаты ў свой план.

На 29 чэрвеня ў Курапатах плануецца поўная мабілізацыя абаронцаў. Так, у 10 гадзін будуць ставіцца крыжы, у 12 — пачынаецца варта, у 18 — пройдзе акцыя Руху салідарнасці “Разам”, а ў 19 гадзін — агульная малітва.

Павел Севярынец таксама пракаментаваў, чаму на сітуацыю ў Курапатах пакуль не рэагуе вышэйшае кіраўніцтва, найперш Аляксандр Лукашэнка:

— Я думаю, што пазіцыя вычэквання звязаная з міжнароднай сітуацыяй, па-першае. Бо ёй зацікавіліся на самым высокім узроўні на Захадзе. І, магчыма, гэта звязана таксама і з Расеяй. Таму што ўжо больш сведчанняў і ўсё больш логікі прыводзіць нас да таго, што грошы — гэта не проста бізнесовыя. Упёрліся ў гэтую зямлю, куплялі, давалі хабар не для таго, каб рабіць тут бізнес. І таму, хутчэй за ўсё, справа гэта палітычная. І, напэўна, карані трэба шукаць у Крамлі, альбо на Лубянцы.

 З 31 траўня грамадскія актывісты штодня праводзяць акцыі супраць адкрыцця каля Курапатаў забаўляльнага комплексу з рэстаранам. Нягледзячы на гэта, рэстаран адкрыўся, але наведвальнікаў там практычна няма. Варту ў Курапатах плануецца працягнуць да канца ліпеня.
www.racyja.com